На мінулым тыдні прайшоў гарадскі турнір па пляжным валейболе

Спорт

Каманда "Піваруны" - пераможца турніру
"Сярэбраныя" прызёры - каманда "Шторм"

Вельмі цікава і з карысцю праводзяць летнія канікулы шаркаўшчынскія вучні. Па ўзаемнай дамоўленасці паміж райкамам БРСМ, аддзелам спорту і турызму райвыканкама і інспекцыяй па справах непаўналетніх РАУС у на мінулым тыдні на цэнтральным месцы адпачынку па вуліцы Вадап’янава прайшоў гарадскі турнір па пляжным валейболе сярод юнакоў і дзяўчат ад 14 да 18 год уключна. Паспрачацца за званне мацнейшых выказалі жаданне 10 каманд, 20 удзельнікаў. Спаборніцтвы праходзілі на працягу трох дзён. Каманды-удзельніцы былі падзелены на дзве падгруппы, а самі гульні ішлі па кругавой сістэме.

Асноўныя правілы турніру на пачатку гульні паведаміў суддзя спаборніцтваў, намеснік дырэктара ДЮСШ Міхаіл Пугаўка. Пасля праведзенай жэраб’ёўкі пачаліся гарачыя валейбольныя баталіі пад промнямі летняга сонца.

Па выніках двух дзён спаборніцтваў у падгрупах у паўфінал выйшлі 4 каманды: “Піваруны” (Піварун Аляксей і Дар’я Рымдзёнак), “Кеды” (Дзмітрый Лаўрыновіч і Кацярына Шыман), “Альянс” (Міхаіл Чарняўскі і Ірына Ваштаёнак) і “Шторм” (Яўгеній Раманоўскі і Вольга Пастушкова). У паядынку за трэцяе месца сустрэліся каманды “Кеды” і “Альянс”, дзе першая атрымала перамогу. За турнірнае “золата” у напружанай барацьбе спрачаліся “Піваруны” і “Шторм”. У выніку каманда “Піваруны” стала пераможцай гарадскога турніру па пляжным валейболе.

Прызёры спаборніцтваў узнагароджаны граматамі і падарункамі. А для ўсіх удзельнікаў турніру арганізатары падрыхтавалі смачныя торты і салодкі напітак.

Трэцяе месца ў каманды "Кеды"
Арганізатары тлумачаць умовы турніру

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *