Падчас летніх канікулаў раённы камітэт БРСМ, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама сумесна з інспекцыяй па справах непўналетніх РАУС і камісіяй па справах непаўналетніх раённага выканаўчага камітэта праводзяць разнастайныя спартыўныя спаборніцтвы, акцыі і мерапрыемствы для дзяцей і моладзі, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця, прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх.
Чарговае такое спаборніцтва для юнакоў адбылося 13 жніўня на базе сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка, яно насіла назву “ВелаБум-2014. Мы за здаровы вобраз жыцця!” Арганізатары мерапрыемства ў рамках рэспубліканскай акцыі “Бяспечнае лета”, накіраванай на прафілактыку дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх, вырашылі зацікавіць юнакоў удзелам у веласпаборніцтве, выпрабаваннях на самага меткага стралка з пнеўматычнай вінтоўкі і кіданні дроцікаў у дартс.
У трох конкурсных этапах прынялі ўдзел сем хлопцаў: Кірыл Фёдараў, Мікіта Горашнеў, Анатолій Багаткевіч, Станіслаў Рачыцкі, Юрый Даргель, Павел Папко, Мікіта Чабатароў. Кожны з іх па-майстэрску пераадольваў “паласу перашкод” на веласіпедзе, на хуткасць праязджаў па перыметру стадыёна, каб на фінішы паказаць найменшы час. З задавальненнем юнакі вялі стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, кідалі дроцікі ў дартс, каб набраць найбольшую суму балаў. Адным словам, час праведзены ў сумесных спаборніцтвах не стаў дарэмна патрачаным, а пайшоў на карысць непаўналетнім юнакам.
Пасля падвядзення вынікаў спаборніцтва суддзі правялі ўзнагароджванне. Дыпломы з каштоўнымі падарункамі атрымалі не толькі пераможцы конкурсных этапаў, але і ўсе ўдзельнікі спартыўнага мерапрыемства.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.