Лепшых хлебаробаў раёна павіншаваў старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Вазміцель

Сельское хозяйство

І. К. Вазміцель і М. І. Баговіч з камбайнерам А. Р. Морхатам з КУВСП “Гарадзец”

Амаль тры тыдні працягвалася напружаная работа на хлебнай ніве. Нястрыманая гарачыня была ў кабінах камбайнаў. У тых машынах, дзе адсутнічаў кандыцыянер ці вентылятар, тэмпература паветра даходзіла да 60 градусаў. І адкрыць акно немагчыма было, бо гул рухавіка перакрываў усе гукі і, па-другое, — пыл трапляў у кабіну. Усё выцерпелі мужныя хлопцы, бо ведалі, калі не яны, то хто будзе ўбіраць ураджай. Цяпер з палёгкай уздыхнулі, бо практычна завершана ўборачная кампанія, але не спынілі работу — трэба дапамагчы суседзям з іншых гаспадарак.

Сёлета амаль не было на палях палегліцы, што аблягчала ўборку, не на ўсіх палях закамянёнасць, а значыць, менш ламалася тэхніка.

Працавалі на ўборцы вопытныя камбайнеры і маладыя, усе яны з адказнасцю адносіліся да даручанай справы. І ўсё ж выдзяляліся тыя, хто па паказчыках апярэджваў іншых. Тут ужо станоўчую ролю адыгрывалі многія фактары — прафесіяналізм, старанне, імкненне да лідарства.

За работай працаўнікоў хлебнай нівы сачылі спецыялісты гаспадарак; адказныя асобы з райвыканкама, упраўлення райсельгасхарчу, ушаноўвалі працу перадавікоў.

У адзін з дзён, калі дажджлівае надвор’е часова прыпыніла работу камбайнаў ў полі, да іх завіталі прадстаўнікі ўлады і прафсаюза. Сустрэча адбылася ў чырвоных кутках механічных майстэрняў гаспадарак.

Першынство ў раёне па намалотах трымае ААТ “Даватарскі”. Павіншаваць лідара працоўнага спаборніцтва гаспадаркі Юрыя Геронцьевіча Ардынскага завіталі старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Іван Канстанцінавіч Вазміцель, старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Гедзіён Пятровіч Буйка. Сустракалі іх дырэктар гаспадаркі Сяргей Валянцінавіч Струй і камбайнеры, якія ўдзельнічалі ў жніве. Іван Казіміравіч Вазміцель уручыў лідару сярод іх, Юрыю Геронцьевічу Ардынскаму ад абласнога аб’яднання прафсаюзаў Дыплом, грашовую прэмію, кепку і майку з лагатыпам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Сярод лідараў сельгаспрадпрыемства і Мікалай Мікалаевіч Сівіцкі. Ён атрымаў памятны сувенір ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, які ўручыў Гедзіён Пятровіч Буйка. Старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч павіншаваў усіх прысутных з заканчэннем жніва і пажадаў плённай працы ў далейшым.

старшыня райвыканкама М. І. Баговіч, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў І. К. Вазміцель, дырэктар ААТ “Даватарскі” С. В. Струй разам з камбайнерамі ААТ “Даватарскі”;

У ААТ “Княж” нас чакаў перадавы вадзіцель раёна Мікалай Зянонавіч Сяліцкі. Характэрна тое, што па ўмовах раённага працоўнага спаборніцтва ён заняў усе прызавыя месцы сярод вадзіцеляў — першым перавёз 500, 800 і 1000 тон збожжа. Мікалай Зянонавіч атрымаў узнагароды ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі, а вышэйшым было віншаванне ад абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

віншаванні перадавому вадзіцелю М. З. Сяліцкаму (злева) і камбайнёру М. С. Андзілеўку ад старшыні прафкама ААТ "Княж" І. К. Лагунёнак

КУВСП “Гарадзец” першым у раёне закончыў уборачную кампанію. З караваем новага ўраджаю гасцінна сустрэлі наведвальнікаў намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Наталля Віктараўна Катушонак  і перадавы камбайнер Аляксандр Расціслававіч Морхат. Старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў і старшыня райвыканкама павіншавалі перадавога камбайнера гаспадаркі. Хлопец атрымаў Дыплом абласнога аб’яднання прафсаюзаў, грашовую прэмію і сімвалічную форму. У сваю чаргу, як пераможца раённага спаборніцтва, ён заслужыў узнагароду ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Няпростая праца хлебаробаў ацэнена па заслугах.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *