
21 жніўня ў межах адзінага дня інфармавання інфармацыйная група ў складзе старшыні райвыканкама Мікалая Ірынархавіча Баговіча і галоўнага ўрача УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” Станіслава Тадэвушавіча Стомы сустрэліся з жыхарамі вёсак Сасноўцы і Амбросенкі Іёдскага сельсавета. Тэмай гутаркі стала “Барацьба з карупцыяй — найважнейшая задача дзяржавы і грамадства”. Мікалай Ірынархавіч у сваім выступленні расказаў пра сітуацыю з карупцыяй ў нашым раёне і тыя меры, якія прымаюцца для барацьбы з гэтай негатыўнай з’явай. Такі даволі распаўсюджаны ў нашым грамадстве звычай як выражэнне ўдзячнасці ўрачу падарункам таксама адносіцца да карупцыі і з ім таксама трэба бароцца. Станістаў Тадэвушавіч патлумачыў, што медыцынскі работнік атрымлівае за сваю дзейнасць заработную плату і найлепшай ўзнагародай урачам будуць словы ўдзячнасці ад пацыента.
Пасля гэтага адбыўся актыўны дыялог, падчас якога вяскоўцы задавалі пытанні прадстаўнікам улады па хвалюючых іх пытаннях: апрацоўка ўласных зямельных участкаў, здача малака, работа паштовага аддзялення і магазіна, пераход на бесправадное радыёвяшчанне, тэлефонная сувязь, павелічэнне колькасці бадзяжных сабакі, рамонт дарог і іншае. А жыхары вёскі Амбросенкі ўзнялі актуальную для іх праблему, якая заключаецца ў тым, што прысядзібныя ўчасткі каля нежылых домаўладанняў не апрацоўваюцца і зарастаюць бур’янам. Акрамя таго, што гэта непрыгожа, высахлы бур’ян потым можа стаць прычынай узнікнення пажараў.
Усе ўзнятыя пытанні ўзяты на кантроль і там, дзе магчыма дапамагчы, для іх рашэння будзе праведзена неабходная работа.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



