
Нездарма кажуць, што восень на шэрым кані едзе. Адзін дзень выдасца цёплым, на другі — ранішнія марозікі прышчыпваюць. А вось у мінулую суботу зранку развесіла восень сваё павуцінне на былінках травы і кустах. Хутка стала падаграваць сонца. Той, каму трэба папоўніць запасы сельгаспрадукцыяй, накіраваўся на кірмаш.
Ужо ў восем гадзін на плошчы каля цэнтральнага рынку выстраіліся аўтамашыны з прадукцыяй з сельгаспрадпрыемстваў. Фуражнае зерне і бульбу хутка распрадала ААТ “Жвіранка”. А з ААТ “Агратэхсэрвіс” прывезлі для продажу насельніцтву 880 кілаграмаў фуражнага зерня. Амаль трэцюю частку яго забраў адзін гаспадар-шаркаўчанін. Таму аўтамашына сельгаспрадпрыемства даставіла гэтую прадукцыю яму прама на дом.
З КУВСП “Гарадзец” рэалізоўвалі капусту, моркву, бульбу, мёд. Мне давялося заўважыць такі факт. Падыйшлі да аўтамашыны старэнькія муж з жонкаю: нам трэба бульба, але як яе даставіць на вуліцу “17 верасня”? Шафёр гаспадаркі Сяргей Краснадубскі, у якога ў аўтамашыне заставаліся толькі тыя ж два мяшкі бульбы, згадзіўся зрабіць паслугу і даставіць старэнькім бульбу на дом. У той час прадавец гаспадаркі Ларыса Браўн рэалізоўвала мёд і капусту.
У гэты ж дзень, на ўмоўнай сцэне насупраць уваходу на рынак, выступалі самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры. Была магчымасць паслухаць задушэўныя мелодыі песень і найгрышаў.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.

