
Апусцелі палі, не чутна спеваў птушак, пакінулі яны нашы прасторы і адляцелі зімаваць у цёплыя краіны. Змяніла колер наваколле — пажоўкла трава, і золатам пакрыліся дрэвы. Вось- вось гэтае золата засцеліць зямлю. Уся прырода рыхтуецца да перамен. І зямелька будзе адпачываць пад снежным покрывам.
Тэхнолагі палёў даўно размеркавалі, дзе што будуць высяваць вясной. Застаецца завяршыць апошні і важны аграпрыём, які трэба зрабіць да наступлення сур’ёзных маразоў — уздым зябліва. Зразумела, што чым больш будзе ўзарана глебы восенню, тым лягчэй хлебаробу давядзецца спраўляцца з пасяўной вясной.
Яшчэ вялікая задача стаіць перад механізатарамі, у тым ліку і ААТ “Жвіранка”. Тут запланавана ўзараць глебу на плошчы 2992 гектары. Зроблена яшчэ не дастаткова.
— Асноўная праблема застаецца ў недахопе паліва, — тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Анатолій Заляціла. — Але апошнім часам работы актывізаваліся, большая колькасць механізатараў, якія выслабаніліся ад выканання іншых работ уключылася ў узорванне глебы. Большасць механізатараў гаспадаркі працуюць старанна, але хочацца асобна сказаць пра Валянціна Яшчанку. Ён у нас адносіцца да катэгорыі маладых механізатараў, але можна паставіць яго ў прыклад і сталым. Вясною Валянцін узорвае глебу, затым змяняе плуг на пасяўны агрэгат, а калі пачынаецца ўборка збожжавых культур Яшчанка працуе на камбайне, затым наступае восеньская пасяўная, з гэтым заданнем спраўляецца, перачапляе замест сеялкі плуг да трактара і ўзорвае глебу да позняй восені. Прычым, выконвае ўсё якасна і акуратна.
— Каб мы мелі ў гаспадарцы з дзясятак такіх механізатараў, то маглі б стварыць адно ўзорнае прадпрыемства, — працягвае размову Анатолій Заляціла.
На энерганасычаным трактары МТЗ-3022 з сеялкай Валянцін Юр’евіч загарнуў у глебу насенне азімых культур на плошчы звыш 500 гектараў. Пасля гэтага ачысціў сеялку ад смецця, рэшткаў травы і насення, памыў і паставіў прычапны інвентар на зімовае захоўванне. Механізатар без справы не застаўся. Ён падчапіў плугі да трактара, адрэгуляваў іх як след і ўжо ўзняў зябліва на плошчы каля 200 гектараў.
А ўдаецца яму ўсё добра таму, што адчувае, як працуе кожны вузел у трактара і прычапных агрэгатах, і пры неабходнасці, ліквідуе непаладкі, а іначай бы яны хутка зношваліся і выходзілі са строю, патрэбен быў час на рамонт.
Тых, хто працуе на зямлі, паважаюць і цэняць у гаспадарцы, у раёне. У час адказных палявых кампаній яны ўзнагароджваюцца за перамогу ў працоўным спаборніцтве.
Кацярына СОСНА .
Фота аўтара.
