Чалавек і яго справа: вадзіцель Шаркаўшчынскага РАНС Валерый Блажэвіч

Актуальное

174Прафесія супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях — выратавальнікі-пажарныя — сведчыць сама за сябе. На шчасце, глабальныя катастрофы, маштабныя надзвычайныя сітуацыі здараюцца не часта, аднак дапамога выратавальнікаў можа спатрэбіцца нам і ў звычайных бытавых сітуацыях, напрыклад, калі патрэбна выратаваць рыбака, які праваліўся пад лёд, альбо дастаць кацяня з калодзежа, ці аказаць дапамогу ахвярам дарожна-транспартнага здарэння і гэтак далей.
Работа ў складаных умовах з павышанай небяспекай патрабуе ад выратавальнікаў валодання разнастайнымі якасцямі характару і навыкамі. Так лічыць Валерый Блажэвіч, які працуе ў пажарнай аварыйна-выратавальнай частцы № 1 Шаркаўшчынскага РАНС.
Ён нарадзіўся 20 студзеня 1985 года, навучаўся ў Відзаўскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы, пасля праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў 103-й гвардзейскай мабільнай брыгады сіл спецыяльных аперацый у горадзе Віцебску. Цяпер працуе ў Шаркаўшчынскага РАНС вадзіцелем на пажарнай аўтацыстэрне АЦ-5.0(МАЗ-5337А2), якая служыць для дастаўкі да месца пажару або аварыі запасу агнетушыцільных рэчываў, пажарна-тэхнічнага ўзбраення і баявога разліку, выкарыстоўваецца як самастойная баявая адзінка з заборам вады з цыстэрны. Яму разам з напарнікамі, трэба знаходзіцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці. «Расслабляцца» недаравальна, кожная надзвычайная сітуацыя патрабуе хуткай мабілізацыі.
Мы спыталі ў яго, ці падабаецца яму абраная прафесія?
— Работа выратавальнікаў-пажарных вельмі падабаецца. Яна патрабуе ад нас вынослівасці, кемлівасці, хуткай рэакцыі і мужнасці ў моманты ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі, барацьбы з агнём. Аднак і гэтага недастаткова: напрыклад, у нашым калектыве выратавальнікамі працуюць людзі з добрым і смелым сэрцам, неабыякавыя да бяды і болю іншых, не задумваючыся яны гатовы ахвяраваць сабой дзеля іншых. Наогул хачу сказаць, што выратавальнік — гэта не работа, а прызванне, лёс. Нам пра гэта заўжды паўтараюць настаўнікі, якія замацоўваюцца за маладымі для перадачы вопыту.
Валерый Блажэвіч павіншаваў сваіх калег з прафесійным святам:
— Самыя шчырыя словы ўдзячнасці і павагі выказваю калегам, хто выбраў па-сапраўднаму мужчынскую прафесію — ахоўваць і выратоўваць жыцці людзей, прыходзіць на дапамогу ў цяжкую мінуту. Ад усёй душы жадаю поспехаў у працы і рэалізацыі запланаванага. Няхай вашым добрым спадарожнікам стане ўдача, а працоўныя будні будуць спакойнымі і мірнымі.
Сяргей ВЫСОЦКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *