Вадохрышча — вялікае царкоўнае свята, якое шырока адзначалася ў нашым раёне 19 студзеня. У гэты дзень на беразе Дзісны ў ваду мог акунуцца любы, у каго хапіла смеласці. У доўгай чарзе жадаючых выпрабаваць сябе, свой дух, сілу волі стаялі мужчыны, жанчыны і нават дзеці, якія купаліся ў студзеньскай палонцы першы раз. Напачатку настаяцель царквы “Усіх Смуткуючых Радасць” Віктар Валашчук адслужыў малебен, асвяціў ваду ў рацэ, шчырымі і цёплымі словамі павіншаваў прысутных са святам. На ўваходзе ў Купель быў збудаваны дашчаны памост з парэнчамі. Тэмпература вады і паветра была аднолькавая: прыкладна 2 градусы вышэй за нуль. Кожны, хто хоць раз акунаўся ў палонку, ведае, як складана вырашыцца на гэты крок.
Настаяцель царквы “Усіх Смуткуючых Радасць” Віктар Валашчук здзейсніў амавенне.
— Гасподзь наш Ісус Хрыстос прыняў хрышчэнне ў водах ракі Іардан, — расказвае айцец Віктар. — Ён дараваў чалавеку магчымасць атрымаць ласку Духа Святога пасля абраду хросту. Затым Ісус пайшоў у пустыню, дзе пасціўся і маліўся. У народнай свядомасці святкаванне царкоўнага свята звязана з набажэнствамі. Лічыцца, што калі чалавек акунаецца з верай у сэрцы, то ён вылечваецца ад розных хвароб і назапашваецца здароўем на цэлы год, а ўжо грахі адпускаюцца ў час споведзі.
Сваімі ўражаннямі з намі падзяліўся Віктар Барыла:
— У вадзе цёпла, а вылазячы з палонкі, адчуваеш, як на душы становіцца лёгка і светла. Напэўна, такі стан называецца «як наноў на свет нарадзіўся». Наогул, з усіх маіх знаёмых, хто купаўся ў палонцы на Вадохрышча, пакуль ні адзін ні разу пасля гэтага не захварэў. Прычым я б не сказаў, што гэта ўсе “маржы”. Не, звычайныя людзі. Напэўна, іх падтрымлівае вера ў Бога.
Іван Груша таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад купання:
— Адчуванні пасля купання цудоўныя. Ніякі кантрасны душ з гэтым не параўнаецца. Што мяне больш за ўсё ўразіла ва ўсім гэтым мерапрыемстве, так гэта незвычайная дабрыня і спагадлівасць людзей, усе дапамагалі адзін аднаму, дзяліліся ручніком, гарбатай з тэрмасаў. Я ўпершыню бачыў такую вялікую колькасць добразычліва настроеных людзей.
Трэба сказаць, такое мерапрыемства патрабуе ад адпаведных служб папярэдней падрыхтоўкі. У якасці памяшкання для пераапранання будаўнічай арганізацыяй ПМК-68 быў прадастаўлены аўтобус з унутраным ацяпленнем. Работнікі райспажыўтаварыства на беразе арганізавалі гандлёвую палатку. Таксама было распалена прыгожае вогнішча. Дзяжурства вялі супрацоўнікі РАНС, РАУС і медыцынскія работнікі на машыне “хуткай дапамогі. Дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства (падрыхтавалі месца для купання, частавалі ахвотных гарачым чаем і печывам) аказалі прыхаджане царквы царквы “Усіх Смуткуючых Радасць”. Сярод іх трэба назваць Сяргея Бондара, Наталлю Райчонак. Культработнікі падрыхтавалі святочную праграму, якой падаравалі людзям пазітыў, зарад бадзёрасці і добрага настрою.
Сяргей ВЫСОЦКІ.
