
12 лютага ў дзіцячай бібліятэцы гарадскога пасёлка адбылася сустрэча, якая была прымеркавана да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, пад назвай “Суровая школа мужнасці”. Ініцыятарамі мерапрыемства сталі загадчыца дзіцячай бібліятэкі Тамара Паляк і бібліятэкар Анастасія Цярпілка.
На іх запрашэнне наведаць сустрэчу адгукнуўся Васілій Протас. Ветэран вайны ў Афганістане падзяліўся сваімі ўспамінамі з вучнямі 6 “В” класа СШ № 1. Ён расказаў, як пачалася яго служба ў арміі, як ён быў накіраваны ў Афганістан, як служыў і як да савецкіх салдат ставілася мясцовае насельніцтва, таксама ўспомніў сваіх баявых таварышаў, растлумачыў, за што атрымаў медаль “За адвагу”. Затым дзеці задалі воіну-інтэрнацыяналісту шмат пытанняў, на якія атрымалі змястоўныя адказы. Усім прысутным, асабліва вучням, было вельмі цікавая жывая размова з удзельнікам тых падзей. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі пад уражаннем ад дакладных апавяданняў Васілія Протаса. Іх цікавіла літаральна ўсё: якія былі ваенныя страты, якая была тэмпература паветра днём і ноччу, як харчаваліся і выжывалі салдаты, як быў уладкаваны побыт нашых ваеннаслужачых і многае іншае.
— Гэта гісторыя нашай краіны, і, якая б яна ні была, яе трэба ведаць, пра яе трэба памятаць, — адзначыў Васілій Протас.
На заканчэнне сустрэчы вучні разам са сваім класным кіраўніком Інай Дулінец і супрацоўнікамі бібліятэкі падзякавалі Васілію Савічу за яго цікавы аповед і ўручылі памятны сувенір. Незаўважна прайшла гадзіна, гутарка атрымалася вельмі цікавай і пазнавальнай. Такія сустрэчы выхоўваюць у маладога пакалення дух патрыятызму, любоў, гонар, і адданасць сваёй Айчыне.
Сяргей ВЫСОЦКІ.
