
У прыхільнікаў музычна-песеннага мастацтва нашага раёна даўно на слыху назвы такіх калектываў як “Спадчына”, “Рэзананс”, “Маленькая фея”, “Карамелькі”, “Купалінка”, “Лужкаўскія песняры” і іншыя. Заваяваў сімпатыі і любоў шаркаўшчынскіх гледачоў і вакальны ансамбль Васюкоўскага сельскага Дома культуры “Каліна”. Амаль на кожным раённым культурна-масавым мерапрыемстве гэты калектыў — чаканы госць. І хоць яго ўдзельнікі не ствараюць уласных музычных твораў, не пішуць тэксты песень, яны ў лёгкай даступнай форме дораць слухачам кампазіцыі, якія даўно сталі шлягерамі і цёпла ўспрымаюцца глядацкай аўдыторыяй.
Нядаўна вакальны ансамбль “Каліна” ўрачыста адзначыў сваё дзесяцігоддзе. Канцэрт з нагоды юбілею калектыву прайшоў у раённым Цэнтры культуры з аншлагам. На свята прыйшлі сябры, знаёмыя, аднавяскоўцы музыкантаў. Жыхары Шаркаўшчыны таксама з вялікай ахвотай куплялі білеты, каб у чарговы раз паслухаць песні ў выкананні “Каліны”.
У пачатку выступлення кіраўнік ансамбля Святлана Васюк расказала публіцы, як калектыў рабіў свае першыя крокі на сцэне, з чаго пачыналася яго станаўленне. Сама назва “Каліна” — не выпадковая, яна аказалася сугучнай назве адной з першых песень, якую былая салістка калектыву Святлана Лаўрыновіч выканала, скарыстаўшы рэпертуар беларускай спявачкі Алесі і ансамбля “Сябры”. Дарэчы, назва ансамбля ўдала спалучыла ў сабе і рэпертуар спевакоў, і ўнутраны стан кожнага з іх.
Сённяшні склад выканаўцаў “Каліны” — гэта чатыры чалавекі: Мікалай Кіраенка, Вольга Яцына, Алена Пагарэлава і кіраўнік калектыву Святлана Васюк. Прыхільнікам ансамбля добра вядома, што ў пачатку яго творчай дзейнасці тут спявалі Святлана Лаўрыновіч і Алёна Седзюкевіч. Гэтыя прыгожыя жанчыны з мілагучнымі галасамі скарысталі магчымасць, каб выступіць разам з асноўным саставам ансамбля з нагоды яго дзесяцігоддзя.
Разам з “Калінай” апошнія некалькі год выступае і вядомы раённай публіцы ўдзельнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Эдвард Вялічка, спявае з імі песні на ўласныя вершы. Некалькі сваіх твораў ён выканаў і на юбілейным канцэрце ў той вечар.
Праграма выступлення была досыць насычанай і ўключала ў сябе трыццаць музычных кампазіцый агульнай працягласцю больш дзвюх гадзін. Удзячная публіка, між іншым, ніколькі не стамілася ад канцэртнага відовішча, а наадварот, гледачы бурна апладзіравалі выканаўцам, дарылі ім мноства кветак і ўсмешак.
У завяршэнні свята ўдзельнікаў ансамбля з дзесяцігоддзем яго творчай дзейнасці павіншавала дырэктар раённага Цэнтра культуры Аксана Сініца, якая падзякавала выканаўцам за іх талент, песеннае майстэрства і радасць сустрэчы з любімымі песнямі.
Сяргей РАЙЧОНАК.




















