
Алімпійскія дні моладзі сярод юніёраў і першынство Віцебскай вобласці сярод кадэтаў па таэквандо прайшлі 4-5 красавіка ў Віцебску. Пра выступленне шаркаўшчынскіх таэквандыстаў нам расказвае трэнер Ігар Афанасьевіч Іваноў. —Сярод кадэтаў 2001-2003 гадоў нараджэння наша Даша Машара, вучаніца 7 класа Шаркаўшчынскай СШ №1, упэўнена заняла 1-е месца ў сваёй вагавой катэгорыі 41-44 кг і 24 красавіка будзе абараняць гонар Віцебскай вобласці на першынстве Рэспублікі Беларусь, якое праводзіцца ў Брэсцкай вобласці. Яшчэ адзін кадэт, вучань 6 класа першай школы Іван Хвяцковіч, выступаючы ў вагавой катэгорыі 49-53 кг, датэрмінова з прычыны відавочнай перавагі з лікам 17-5 завяршыў свой першы бой з віцяблянінам. У другім паядынку са спартсменам абласнога цэнтра Іван саступіў саперніку, які быў старэйшы за яго на 2 гады, але змагаўся годна і заняў 3-е месца. У наступны дзень змагаліся юніёры 1998-2000 гадоў нараджэння. І тут вышэй за ўсе пахвалы выступіў Сяргей Сімановіч, вучань 9 класа Шаркаўшчынскай СШ № 2. Не маючы належнай спаборніцкай практыкі на працягу года, ён усё ж здолеў атрымаць перамогу ў вагавой катэгорыі юніёраў 45-48 кілаграм і залатая медаль з дыпломам першай ступені папоўнілі скарбонку яго дасягненняў, з чым мы яго і віншуем. Сяргей будзе прадстаўляць нашу вобласць на рэспубліканскіх Алімпійскіх Днях моладзі, якія адбудуцца ў маі ў горадзе Мінску. Як і Даша Машара, ён атрымае магчымасць праверыць, на што здольны на ўзроўні ўсёй краіны. Давайце пажадаем ім поспеху!
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.

