
Аграрыі ААТ “Даватарскі” прыступілі да веснавой пасяўной кампаніі. Усе, хто заняты на палявых работах — ад спецыялістаў да механізатараў і паляводаў — імкнуцца як мага хутчэй скарыстаць пагодныя дні, каб, своечасова падрыхтаваўшы глебу, загарнуць у яе насенне.
— Сугліністыя землі, якіх на тэрыторыі гаспадаркі большасць, яшчэ не дазваляюць апрацоўваць іх тэхнікай з-за высокай пераўвільготненасці, — кажа галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Павел Яфімаў. — Таму палявыя работы мы пачалі праводзіць ў аддзяленні Сасноўцы. Тут, каля вёскі Казакі, землі больш лёгкія, пясчаныя. Участак поля плошчай 114 гектараў папярэдне пракультывіравалі для хутчэйшага прасыхання, унеслі патрэбную колькасць удабрэнняў, а зараз засяваем яго зернебабовымі культурамі. Дарэчы, сяўбу мы вядзём з абавязковым выкарыстаннем тэхналагічнай каляі.
Восенню на ўсёй запланаванай плошчы паднята зябліва. Веснавое ўзорванне глебы некаторыя нашы механізатары на замацаваных за імі трактарах будуць праводзіць на палетках ААТ “Васюкі” па папярэдняй дамоўленасці. У нашым жа сельгаспрадпрыемстве зараз ідзе пратручванне насення, якога маецца ў дастатковай колькасці, улічваючы і страхавы фонд. Наогул, яравыя зерневыя і зернебабовыя культуры трэба засеяць на плошчы 1.500 гектараў. Крыху пашкоджанай пасля зімоўкі выйшла азімая пшаніца. З 1.300 гектараў трэба будзе яе перасеяць прыкладна на 150-гектарнай плошчы. Свой негатыўны ўплыў на некаторыя сугліністыя участкі палёў аказала засушлівая восень. Азімы ж рапс перазімаваў добра.
Сёлетняя ранняя вясна дазваляе хлебаробам у поўнай меры ўкласціся ў тэрміны па сяўбе яравых культур. Напрыклад, летась з гэтай работай мы справіліся да 1 мая. Як будзе ў гэтым годзе — пакажа надвор’е і наяўнасць патрэбнай колькасці гаруча-змазачных матэрыялаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.
