
На тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца 8 вайсковых пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны і 28 помнікаў вайсковай славы. Усяго ў шаркаўшчынскай зямлі пахавана 2.460 чалавек — чырвонаармейцаў, партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941—1944 гадах.
У выніку пошукавых работ, якія праходзілі на працягу 2012—2015 гадоў, з дапамогай абагульненага банка дадзеных “Мемарыял” удалося ўстанавіць 64 прозвішчы савецкіх воінаў, загінуўшых пры вызваленні Шаркаўшчынскага раёна ў 1944 г. Устаноўлены таксама 346 прозвішчаў нашых землякоў, якія загінулі або прапалі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны, 270 прозвішчаў мірных жыхароў, пахаваных у Лужках і Іёдах.
У мінулым годзе з раённага бюджэта сельскім выканаўчым камітэтам і УКП ЖКГ былі выдаткаваны грашовыя сродкі на рамонт і афармленне адпаведнай дакументацыі на вайсковыя пахаванні і помнікі, замацаваныя за дадзенымі арганізацыямі. Сёлета таксама выдаткавана пэўная сума грашовых сродкаў з раённага бюджэта на правядзенне далейшых рамонтных работ на вайсковых пахаваннях у г. п. Шаркаўшчына і аг. Лужкі. Запланавана да дня Вялікай Перамогі правесці работу па добраўпарадкаванні і на астатніх месцах пахаванняў і помніках часоў вайны сіламі замацаваных за імі арганізацый на тэрыторыі раёна.
Работнікі прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі яшчэ ў пачатку красавіка пачалі весці рамонтныя работы на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, якая размешчана на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Акрамя тынкоўкі і афарбоўкі, на помніку яшчэ будуць заменены мемарыяльныя шыльды са змешчанымі на іх прозвішчамі загінуўшых воінаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.
