
У сераду ў райвыканкаме з удзелам кіраўніка раёна Мікалая Ірынархавіча Баговіча прайшла семінар-нарада, на якой былі падведзены вынікі пасяўной кампаніі, а таксама разгледжаны пытанні правядзення корманарыхтоўкі ў сельгаспрадпрыемствах. На семінар былі запрошаны кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак раёна.
З вынікамі правядзення веснавой сяўбы прысутных пазнаёміла намеснік начальніка райсельгасхарчу Ірына Генадзьеўна Міхалёнак. Так, з запланаванага аб’ёму па раёне пасеяна зерневых 80 працэнтаў, зернебабовых — 92, рапсу — 97, лёну — 68, а вось аднагадовых траў наогул толькі 36 працэнтаў. Старшыня райвыканкама даручыў прыняць адпаведныя меры ўздзеяння да кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў тых гаспадарак, дзе вынікі правядзення сяўбы найменшыя. Разам з тым, Мікалай Ірынархавіч зазначыў, што лепшыя працаўнікі абавязкова будуць узнагароджаны на штогадовым раённым свяце “Прыдзісненскія крыніцы”.
Шмат праблем узнікае ў сельгаспрадпрыемстваў з набыццём ядахімікатаў для апрацоўкі імі пасеваў. Калі запланаваную хімпраполку яравых зерневых і яравога рапсу гаспадаркі правялі амаль на ўсіх плошчах, то апрацоўку ядамі кукурузы на 4 чэрвеня ў невялікіх аб’ёмах выканалі толькі ААТ “Даватарскі”, “Ельня”, “Буеўшчына” і “Агратэхсэрвіс”.
У раёне пачаліся работы па корманарыхтоўцы. Зараз перад сельгаспрадпрыемствамі стаіць задача своечасовага і якаснага правядзення гэтага віду работы. Па раёне травы першага ўкосу павінны быць скошаны на плошчы 12.300 га і нарыхтавана 44.700 тон кармавых адзінак. Ірына Генадзьеўна давяла да ведама прысутных планы па сенакашэнні і нарыхтоўцы кармоў адносна кожнай гаспадаркі, а таксама растлумачыла важнасць своечасовага пачатку касавіцы. У сваю чаргу, кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак на хутчэйшым правядзенні рамонту кормаўборачнай тэхнікі для таго, каб кожная яе адзінка была задзейнічана ў працэсе нарыхтоўкі кармоў.
У другой частцы семінару яго удзельнікі наведалі ААТ “Даватарскі”, дзе пазнаёміліся з правядзеннем корманарыхтоўчых работ, якія пачаліся ў гаспадарцы. Ва ўрочышчы Астраўляне на полі плошчай 22 га скошвалі травы. Пасля правяленую масу камбайнам “Ягуар” здрабнялі і на трактарах адвозілі ў сянажную траншэю ў Сасноўцах. У гэтым адкрытым акцыянерным таварыстве як след падрыхтаваліся да касавіцы: своечасова адрамантавалі ўсю тэхніку, нават старыя нямецкія самаходныя касілкі, зернеўборачны камбайн “Ліда-1300” пераабсталявалі пад сенакашэнне, па ўсіх тэхналогіях падрыхтавалі сянажныя траншэі, а для работнікаў распрацавалі і зацвердзілі ўмовы працоўнага спаборніцтва. Трэці сезон у гаспадарцы карыстаюцца ўласным рулонным прэспадборшчыкам-абмотчыкам “Тарнада” для нарыхтоўкі правяленай сянажнай масы ў стрэйч-плёнцы. Дарэчы, даватарцам патрэбна зрулоніць гэтага высокаякаснага корму паўтары тысячы тон. Акрамя гэтага, плануецца нарыхтаваць яшчэ 960 тон сена, 14. 901 — сенажу і 7. 200 тон сіласу. Па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства Сяргея Струя, гаспадарка з запланаванымі аб’ёмамі нарыхтоўкі кармоў справіцца, а скошванне траў першага ўкосу правядзе да 25 чэрвеня, як таго і патрабуе кіраўніцтва раёна.
Сяргей РАЙЧОНАК.

