Магчыма, паўсядзённая праца фінансавага работніка не настолькі бачная, як у тых жа педагогаў, урачоў, будаўнікоў, спецыялістаў сельгасвытворчасці і іншых сфер, аднак не менш важная і патрэбная. Людзі гэтай прафесіі займаюцца пераважна планаваннем і складаннем бюджэту раёна, размеркаваннем фінансавых рэсурсаў і кантролем за іх мэтавым выкарыстаннем. У іх кампетэнцыі — правядзенне мерапрыемстваў па своечасовым паступленні даходаў, удзел у распрацоўцы і рэалізацыі прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, тэрытарыяльных праграм і іншае. Наогул, пералік службовых абавязкаў спецыяліста дадзенай галіны досыць вялікі.
Сорак год працы ў фінансавым аддзеле Шаркаўшчынскага райвыканкама засталося за плячамі Валянціны Аляксееўны Лось. Васемнаццацігадовай дзяўчынай пасля заканчэння Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума прыехала яна ў наш раён.
— Яшчэ падчас праходжання практыкі на сваёй малой радзіме ў Светлагорску мне вельмі даспадобы прыйшлося выкананне абавязкаў фінансавага інспектара, — успамінае Валянціна Аляксееўна. — Вось таму і папрасіла ў кіраўніцтва фінансавага ўпраўлення Віцебскага аблвыканкама даручыць мне гэту працу, якую і вяла ў Шаркаўшчынскім райфінаддзеле з 1975 па 1978 гады. Затым непрацяглы час з’яўлялася старшым эканамістам па бюджэце, потым дванаццаць год — начальнікам бюджэтнай інспекцыі. А з 1990 года да цяперашняга часу чвэрць стагоддзя ўзначальвала фінансавы аддзел раённага выканаўчага камітэта.
Складана было працаваць ва ўсе часы, але асабліва ў 1970-1980-я гады. У той перыяд не было шматфункцыянальных тэхнічных сродкаў, якімі нашы спецыялісты карыстаюцца ў рабоце сёння. Справаздачы мы складалі на паперы ўручную, спачатку чарцілі вялізныя табліцы. Працаваць прыходзілася ў святочныя і выхадныя дні, каб своечасова і якасна выканаць сваю работу.
Калектыў спецыялістаў райфінаддзела як і ў той час, так і цяпер вылучаецца сярод іншых высокай адказнасцю за даручаную справу. З самага пачатку работы ў Шаркаўшчыне я працавала разам з эканамістам Марыяй Паісьеўнай Кажурой, дваццаць пяць год з Ірынай Іванаўнай Савіцкай — намеснікам начальніка фінаддзела. Астатнія спецыялісты, з якімі мы ўпэўнена выконвалі свой фронт работы, працавалі разам са мной у адным калектыве крыху больш дзесяці год.
З вышыні пражытых гадоў я ніколі не пашкадавала, што ў юнацтве раз і назаўсёды абрала для сябе такую складаную, але і вельмі патрэбную для грамадства прафесію. За чатыры дзесяцігоддзі працы штодзень сустракалася з людзьмі, якім патрэбна было дапамагчы вырашыць фінансавыя пытанні рознага маштабу. І як бы складана ні было знайсці шляхі выхаду з некаторых праблем, заўсёды ўдавалася гэта зрабіць. Для сябе я лічу, што з кожным можна знайсці агульную мову, трэба толькі сябе паставіць на яго месца і ўсвядоміць, што чалавека клапоціць і турбуе.
Шмат добрых слоў давялося пачуць у адрас Валянціны Аляксееўны і ад яе калег. Усе спецыялісты фінансавага аддзела характарызуюць свайго, цяпер ужо былога начальніка, як выдатнага, вопытнага кіраўніка і мудрага дарадцу, прафесіяналізм і добразычлівасць якога заўсёды дапамагалі спраўляцца з цяжкасцямі і ў фінансава-гаспадарчай дзейнасці аддзела, і ў вырашэнні асабістых пытанняў работнікаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.