«ЯБЛЫЧНЫ ФЭСТ» НА РАДЗІМЕ СІКОРЫ
Усё жывое на нашай планеце — ад сонца, усё прыгожае і цудоўнае на ёй — ад чалавека, ад спрадвечнага імкнення ўпрыгожыць зямлю садамі. Квітнеючы сад — у самым высокім сэнсе слова — творчасць. Пасадзіць дрэва, вырасціць яго — вялікая, карпатлівая праца. Квітнеючы сад — абуджэнне і абнаўленне прыроды. Гэта свята чалавечай душы, прыліў творчых сіл, упэўненасць у сённяшнім дні і надзея на светлую будучыню новых пакаленняў…
Падаючым жоўтым лістком развітваецца з намі апошні месяц лета. Наваколле застыла ў чаканні хуткай восені, засмуцілася прырода. Сонца спяшаецца адарыць усіх сваім цяплом на зыходзе летніх дзён. У такую пару, а дакладней 19 жніўня, вернікі праваслаўнай канфесіі святкуюць Яблычны Спас. У царкве асвячаюцца дары лета: яблыкі, ігрушы, іншая садавіна і гародніна.
У гэты ж час на малой радзіме садавода-селекцыянера Івана Паўлавіча Сікоры ў Алашках ладзіцца свята “Светлы Яблычны Спас — Сікораўскай душы часцінка”. Ідэю мерапрыемства, прысвечанага справе жыцця беларускага Мічурына, у 1999 годзе прапанавалі землякі заслужанага агранома БССР. І вось ужо на працягу сямнаццаці год у Алашках ушаноўваюць памяць свайго славутага земляка.
Інфармацыя: 22 жніўня будуць арганізаваны дадатковыя рэйсы аўтобусаў па маршруце Шаркаўшчына-Алашкі. Час адпраўлення з райцэнтра — 9.30, 11.30., з Алашак на Шаркаўшчыну —14.00, 16.30.
ПРЫВІТАЛЬНАЕ СЛОВА ГАСЦЯМ СВЯТА АД СТАРШЫНІ РАЁННАГА ВЫКАНАЎЧАГА КАМІТЭТА МІКАЛАЯ ІРЫНАРХАВІЧА БАГОВІЧА
Дарагія сябры!
Сардэчна вітаю гасцей і ўдзельнікаў абласнога свята “Яблычны фэст”, прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння славутага садавода-селекцыянера Івана Паўлавіча Сікоры!
“Беларускі Мічурын” прысвяціў усё сваё жыццё любімай справе — стварыў унікальны сад, займаўся навуковай дзейнасцю, пакінуў пасля сябе значную спадчыну. Сваёй працай, любоўю да роднай зямлі І. П. Сікора служыць для ўсіх нас прыкладам таго, як трэба берагчы і памнажаць прыгажосць і багацце, што дала нам прырода.
Пачынаючы з 1999 года, падчас Яблычнага Спаса ў Алашках гучаць музыка, песні і вершы, асвячаецца новы ўраджай сакавітых пладоў, а над вёскай шчодра лунае духмяны пах яблычных пірагоў. Прыемна, што межы свята пашыраюцца, штогод мы набываем новых сяброў. На “Яблычным фэсце” кожны можа знайсці сабе занятак па густу, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, прыняць удзел у разнастайных праграмах, акунуцца ў творчую атмасферу.
Паважаныя сябры! Шчыра жадаю атрымаць ад свята многа яркіх уражанняў, выдатнага настрою і невычэрпнага натхнення. Душэўнага цяпла, шчасця, міра і дабра ўсім вам!
З павагай старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама М. І. Баговіч.
ПАМІЖ ДРЭЎ, ШТО РАСТУЦЬ У АЛАШКАХ БЕЛАРУСКІ МІЧУРЫН ПАВОЛЬНА ХАДЗІЎ (старонкі гісторыі і сучаснасць: знакамітыя землякі, слаўныя традыцыі)
Убачыць і адчуць хараство зямлі можна толькі там, дзе нарадзіўся і вырас, дзе свядома пачаў глядзець на жыццё. Гэта тое хараство, якое чаруе вока, уздымае настрой, дае светлую надзею на будучыню. Яно, у першую чаргу, заключаецца ў самаадданай і стваральнай працы чалавека, улюбёнага ў сваю справу, які беспамылкова верыць, што яго справа будзе карыснай і прынясе плён наступным пакаленням. Так можна сказаць і пра садавода Івана Паўлавіча Сікору. Яго жыццёвы шлях і працоўная дзейнасць — сапраўдныя творчасць і прыгажосць — тыя самыя, што нараджаюцца на роднай зямлі.

Бачыў душу раслін
Толькі праз гады прыйшло ўсведамленне маштабу дзейнасці Івана Паўлавіча Сікоры — садавода-самавучкі, які за сваё жыццё выпрабаваў сотні сартоў пладовых дрэў, ягаднікаў, дэкаратыўных раслін, кветак, кустарнікаў. Нарадзіўся ён 19 верасня 1885 года ў Малых Алашках. З ранняга дзяцінства Іван праяўляў цікавасць да прыроды. Закончыўшы пачатковую школу ў Полаве, ён накіроўваецца на далейшае атрыманне адукацыі ў Краснагорскую настаўніцкую семінарыю, якая існавала на тэрыторыі сучаснага Браслаўскага раёна. Падчас вучобы там вельмі палюбіў кнігі, чытаў усё, што мог адшукаць. Аднойчы яго вельмі ўразіла кніга “Удобрение полей и лугов”, аўтарам якой быў Міхаіл Прышвін. Пасля, праз многія гады, Іван Сікора пісаў жонцы вядомага рускага пісьменніка: “Прышвін навучыў мяне бачыць у раслінах сяброў. Гэта жывыя істоты, якія жывуць і паміраюць, п’юць ваду і патрабуюць харчаванне. Значыць, аграном — гэта такі чалавек, які бачыць душу раслін”.
Пасля заканчэння семінарыі Сікора трапіў на вайсковую службу ажно на Далёкі Усход. Служыў пісарам пры штабе ў Хабараўску, займаўся самаадукацыяй, шмат чытаў.
Вось, як расказвае пра адзін з эпізодаў свайго жыцця, які, несумненна, адыграў выключную ролю ў станаўленні Сікоры як інтэлігента, сам Іван Паўлавіч: “Царская казарма з яе дэспатызмам, бяспраўе салдат здаліся катаргай. Убачыў тут тое, чаго ніколі і нідзе не бачыў і не ўяўляў. Хацелася хоць у нечым знайсці душэўную падтрымку. Найлепшым сябрам тут магла стаць кніга, але яе не было дзе ўзяць. У ротных бібліятэках акрамя брашур пра цара-бацюхну нічога не было. Знаходзячыся на службе, я не пераставаў думаць пра настаўніцтва ў будучым. Але тут перада мной паўстала пытанне: чаму вучыць і ў якім духу выхоўваць сваіх вучняў? Прыйшла думка… напісаць пісьмо класіку рускай літаратуры Льву Талстому. У адказ ад яго асабістага сакратара атрымаў каля дзесяці невялікіх кніжак і партрэт пісьменніка з уласным яго подпісам. Гэтыя творы пакінулі на ўсё маё жыццё незабыўны след”.
За сваё жыццё Іван Сікора сабраў надзвычай вялікую бібліятэку. Большую частку заробку аддаваў на набыццё рэдкіх экземпляраў кніг. Тройчы яго бібліятэка гінула ў агні. Першая — як жыў на Далёкім Усходзе, другая — калі пачаў настаўнічаць у родных мясцінах, а трэцюю знішчылі фашысцкія карнікі ў час адной з аблаў на мірнае насельніцтва вёскі.
Звольніўшыся з войска, Сікора непрацяглы час настаўнічаў паблізу Хабараўска, але цяга да радзімы ўзяла сваё — і Іван Паўлавіч вяртаецца ў Малыя Алашкі. Спачатку пашанцавала працаўладкавацца ў школу ў Сямёнавічы, але не надоўга: быў звольнены за тое, што заняткі з вучнямі праводзіў на беларускай мове. Аналагічная сітуацыя атрымалася з ім, калі працаваў настаўнікам на Глыбоччыне і садаводам у графа Пшыздзецкага ў Варапаеве. Канчаткова вярнуўшыся ў Алашкі, Іван Паўлавіч, які к гэтаму часу меў уласную сям’ю, абмяняў вузкія палоскі сваёй зямлі на больш шырокі надзел, на якім і пасадзіў свой першы пладовы сад.
На дзяржаўнай аснове
У пачатку 1930-х гадоў сад Сікоры быў шырока вядомы ў навуковым асяроддзі. Агранамічнай адукацыі ў яго не было, усё грунтавалася на асабістым вопыце садавода-самавучкі. Нягледзячы на гэта, знакамітыя вучоныя неаднаразова прыязджалі ў Алашкі і запрашалі Івана Сікору пераехаць працаваць на доследную станцыю ў горад Пулава (Польшча), але ён адмаўляўся. К гэтаму часу алашкаўскі садавод адным з першых у Еўропе прапанаваў свае метады па амаладжэнні пладовых дрэў.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Сікора звярнуўся да кіраўніцтва рэспублікі, каб яго сад быў выкарыстаны ў навуковых мэтах. Так, 15 красавіка 1941 года ў Алашках адкрыўся Паўночны апорны пункт Беларускай плодаагароднінай станцыі, які і ўзначаліў Іван Сікора.
У гэты час Іван Паўлавіч актыўна разгортвае сваю дзейнасць: вядзе перапіску з навукова-доследнымі станцыямі і інстытутамі, садаводамі-аматарамі. Яму дасылаюць па пошце пыльцу, насенне і чаранкі пладовых дрэў і кустарнікаў. Нават у час Вялікай Айчыннай вайны Іван Сікора не спыняе працу апорнага пункта, вядзе тэмпературныя назіранні, а ў 1943 годзе высаджвае дадатковы ўчастак саду. Будучы сувязным патрызанскай брыгады “За Радзіму”, Сікора здабываў звесткі пра нямецка-фашысцкіх захопнікаў для народных мсціўцаў, а тыя, у сваю чаргу, прыносілі на апорны пункт кавалкі нямецкіх шаўковых парашутаў, з якіх работнікі ўстановы шылі спецыяльныя мяшочкі для штучнага апылення пладовых дрэў.
Пасля вайны Паўночны апорны пункт пашырыўся, павялічыўся штат яго супрацоўнікаў. Садавод шчодра дзяліўся саджанцамі выведзеных ім дрэў і кустарнікаў. У Алашкі і з Алашак ішоў паток пісьмаў, пасылак, бандэроляў. У вёсцы спецыяльна адкрылі паштовае аддзяленне, каб справіцца з такім аб’ёмам работы. Садавод актыўна друкуе свае навуковыя артыкулы ў газетах і часопісах. У 1964 годзе студыя “Беларусьфільм” зняла дакументальную кінастужку “Сказ пра садавода”, запіс якой захаваўся да нашых дзён. Да Сікоры, нарэшце, прыйшла сапраўдная слава: удзел і перамога ў спецыялізаваных выставах, у тым ліку і ва Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, Ганаровыя граматы і медалі. А ў 1956 годзе Івану Паўлавічу Сікору прысвоена званне Заслужанага агранома БССР.
Гібрыд № 1337
Бясспрэчна тое, што вяршыняй селекцыйнай дзейнасці Івана Сікоры стаў гібрыд яблыні, плады якой садаводы вобразна назвалі “яблыкамі ХХІ стагоддзя”. Сорт па бацькоўскай лініі — ад вядомага ва Украіне Ранета Сімірынкі — атрымаў цудоўную салодкасць. Па мацярынскай — ад славутага канадскага сорту Файльвель — устойлівасць да холаду. У садзе Івана Паўлавіча гэты сорт значыўся пад нумарам 1337. Але чамусьці афіцыйна ён быў занесены ў дзяржаўны рэестр пладоў Беларусі толькі 22 снежня 1981 года з прысваеннем назвы “Памяць Сікоры”, праз 15 год пасля смерці яго вынаходцы.
Яблыкі паспяваюць у другой палове верасня. Яны сярэдніх памераў, круглява-канічнай формы, зялёныя. Мякаць зеленавата-белая, прыемнага кісла-салодкага смаку. Плады моцна трымаюцца на дрэве, устойлівыя супраць хвароб. Ураджайнасць высокая, плоданашэнне наступае на трэці-чацвёрты гады.
Гібрыд выдатна прыстасаваўся для вырошчвання ў кліматычных умовах Беларусі і, у прыватнасці, у паўночна-заходняй яе частцы: падмярзання не назіраецца, лісце ападае позна, іншы раз пасля першага снегу. Надзвычайная лежкасць пладоў — адна з галоўных вартасцей сорту “Памяць Сікоры”. Вытрымка з запісу ў дзённіку Івана Паўлавіча: “Цікавы гібрыд № 1337 у маіх Алашках вельмі папулярны. Даю ўсім, вітаміны ў гэтым яблыку да мая добрыя”.
Сябры і аднадумцы
У матэрыялах музея І. П. Сікоры не аднойчы ўпамінаецца імя Міхася Машары. Садоўнік і паэт сябравалі доўгія гады, хоць розніца ва ўзросце была даволі значнай.
Дачка Сікоры Лідзія Іванаўна ў сваіх успамінах пра бацьку пісала: “У апошнія гады пры буржуазнай Польшчы Міхась Машара часта прыязджаў да нас. Памятаю яго абаяльным, сімпатычным, вясёлым таварышам. Жыў ён у той час вельмі бедна, наша сям’я таксама жыла небагата, але тата заўсёды дзяліўся з Міхаілам Антонавічам мізэрнымі злотымі.”
Іван Сікора быў адным з першых чытачоў і крытыкаў твораў Міхася Машары. Як чалавек шчыры, спагадлівы, які сам зведаў прыгнёт улад, ён падтрымліваў паэта чым мог. Іх перапіска была вельмі актыўнай і працягвалася многія гады. Былі і цікавыя, незабыўныя сустрэчы на беразе алашкаўскага возера, у сікораўскім садзе. Яны ўзбагачалі і пісьменніка, і садавода.
Частым госцем у доме Сікоры быў і знакаміты мастак, ураджэнец вёскі Стаўрова Браслаўскага павета, Пётра Сергіевіч. Ён пісаў партрэты жыхароў Алашак, родных садавода, ім жа напісаны партрэт і Івана Паўлавіча.
Дакладна невядома, калі і якім чынам пачалася перапіска Івана Сікоры і Міхаіла Прышвіна, кнігу якога будучы садавод прачытаў яшчэ ў юнацтве. Але відавочна, што іх абодвух звязвала моцная дружба, заснаваная на духоўнай роднасці. З Прышвіным і яго жонкай Сікора сябраваў і вёў актыўную перапіску ўсё жыццё. Але, на жаль, у фондах музея не захавалася лістоў ад рускага пісьменніка, якія б маглі паведаць шмат цікавых фактаў з жыцця гэтых людзей. Зараз у Дуніне, на сядзібе Прышвіна расце блакітны махровы бэз, выведзены беларускім Мічурынам і названы “Дар Сікоры”, а на магіле пісьменніка пасаджаны куст сікораўскай ляшчыны — як памяць пра іх жыццё, літаратурную і садоўніцкую спадчыну.
“… мае гібрыды скажуць сваё важкае слова”
Свой зямны шлях Іван Сікора скончыў у 81-гадовым узросце, памёршы у 1966 годзе. Ён быў вялікім жыццялюбам і аптымістам. Не без падстаў аднойчы ў сваім дзённіку Іван Паўлавіч запісаў: “ Пры маім жыцці або пасля мяне, але я веру, што мае гібрыды скажуць сваё важкае слова”. Гэту веру ўвасобілі ў жыццё яго паслядоўнікі: П. Ф. Гапанёнак з Крулеўшчыны, М. Н. Кішко з Пастаўшчыны, В. Я. Мамойка з Віцебска, В. М. Валасюк з Рэчыцы, С. І. Таўкінь і А. Г. Сікора з Шаркаўшчыны, дзясяткі і сотні іншых аматараў садаводства ў нашай вобласці і рэспубліцы.
На вялікі жаль, пасля смерці Івана Паўлавіча яго каштоўная спадчына — пладовы сад — пачаў паступова прыходзіць у заняпад. Сам Паўночны апорны пункт існаваў да пачатку 1980-х гадоў, але толькі на паперы.
У 1985 годзе грамадскасць звярнулася да раённых і абласных улад з хвалюючым пытаннем: як зберагчы тое, што на працягу дзесяцігоддзяў уласнымі рукамі ствараў Сікора, бо час няўмольна ператвараў унікальны сад у пустку. Свае прапановы па стварэнні музея, прысвечанага садаводу, выносілі родныя Івана Сікоры, яго былыя калегі і сябры, пісьменнікі і журналісты — Герман Кірылаў, Навум Гальпяровіч, Леанід Крэскіян. Агульнымі намаганнямі пры падтрымцы Шаркаўшчынскага райкама КПБ і асабіста яго першага сакратара Мечыслава Сезянеўскага ў 1987 годзе каля Слабадской сярэдняй школы адкрыўся мемарыяльны музей І. П. Сікоры. А праз дванаццаць гадоў, 19 жніўня 1999 года, у дзень, калі праваслаўныя вернікі святкуюць Яблычны Спас, музей адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў у другі раз, але на новым месцы — у Алашках, побач з сікораўскім садам.
Першае раённае свята
Урачыстае адкрыццё музея ў 1999 годзе менавіта ў Алашках натхніла мясцовыя ўлады і кіраўніцтва аддзела культуры Шаркаўшчынскага райвыканкама штогод на Яблычны Спас ладзіць мерапрыемства, прысвечанае Івану Паўлавічу Сікору. Тады, 16 год назад, у Алашках адбылося свята абласнога маштабу. Вялікую, карпатлівую работу па рэканструкцыі будынка пад будучы музей правялі будаўнічыя арганізацыі гарадскога пасёлка, адміністрацыя і работнікі тагачаснага калгаса “Іскра”, супрацоўнікі музея, мясцовае насельніцтва. Першае свята на радзіме садавода-селекцыянера атрымала назву “Светлы Яблычны Спас — Сікораўскай душы часцінка” і трывала замацавалася за ім на многія гады. У той час яшчэ жыло шмат людзей, хто працаваў разам з Іванам Паўлавічам, асабіста яго ведаў і мог падзяліцца сваімі ўспамінамі пра слыннага садавода. Фрыда Талан, якая працавала загадчыкам аддзела культуры райвыканкама, Ларыса Якубёнак — былы дырэктар метадычнага цэнтра ўзгаданага аддзела, — разам са спецыялістамі ўстаноў культуры гарпасёлка і раёна ў межах Яблычнага Спасу падрыхтавалі і правялі канцэртную праграму, прысвечаную 40-годдзю народнага ансамбля народных інструментаў Жукоўшчынскага СДК “Жыцця імклівыя арэлі” пад кіраўніцтвам Радзівона Лысёнка, і яшчэ шмат іншых цікавых і разнастайных мерапрыемстваў на малой радзіме Сікоры.
Сікораўскі яблык — брэнд Шаркаўшчыны
Свята Яблычнага Спасу на працягу некалькіх гадоў праходзіла з некаторымі змяненнямі і дапаўненнямі з распрацоўкай адпаведных сцэнарыяў, але заўсёды ў адным тэматычным накірунку.

А вось два гады таму назад культработнікі ажыццявілі па-сапраўднаму відовішчнае і запамінальнае культурна-масавае мерапрыемства, у праграму якога ўключылі ўрачыстае адкрыццё помніка-брэнда Шаркаўшчынскага раёна “Яблык”. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы прайшла творчая вечарына ўнучатай пляменніцы Івана Сікоры Галіны Сікора. А ў самім яблыневым садзе адбыўся ўрачысты роспіс маладой пары — Дзмітрыя Вількеля і Кацярыны Губскай. Паралельна ўпершыню ў Алашках прайшоў раённы конкурс маладых сем’яў “Уладар сяла”. Усё гэта суправаджалася канцэртнымі нумарамі калектываў мастацкай самадзейнасці нашага, а таксама Браслаўскага і Докшыцкага раёнаў.

Мінулагодні Яблычны Спас запомніўся яго ўдзельнікам і гасцям урачыстым адкрыццём дома-музея, у якім жыў і працаваў Іван Сікора, з пастаяннай экспазіцыяй і элементамі хатняга дэкору сярэдзіны дваццатага стагоддзя. На прылеглай да музея тэрыторыі і ў яблыневым садзе для жадаючых працавалі атракцыёны, арганізатары свята праводзілі гульні, конкурсы і забавы. Больш шырока і маштабна прайшоў у другі раз і раённы конкурс “Уладар сяла”. На фестываль завіталі не толькі госці з Віцебскай вобласці, але і з усіх рэгіёнаў рэспублікі і нават кіраўніцтва краёвай Думы горада Даўгаўпілс.
Сёлета, як і заўсёды, праходзіць чарговы фестываль у Алашках, але цяпер ён пашырыў свой статус і набыў абласны маштаб. А значыць, у гэтага мерапрыемства наперадзе новыя гарызонты, якія абавязкова адкрыюць для шаркаўшчынскага брэнда — сікораўскага яблыка — новыя магчымасці і ў рэалізацыі сумесных культурных праектаў, і ў наладжванні эканамічных стасункаў паміж рэгіёнамі не толькі нашай краіны, але і з замежнымі партнёрамі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара і з архіву музея І. П. Сікоры.
