У мінулыя выхадныя ў Шумілінскім раёне на базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Дружба” ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз” прайшла спартакіяда работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання вобласці.
У спартыўным мерапрыемстве прынялі ўдзел 27 каманд, якія прадставілі абласны выканаўчы камітэт, райвыканкамы і адміністрацыі гарадоў. Напачатку факел спартакіяды запаліў сярэбраны прызёр ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў у Маскве па грэка-рымскай барацьбе Ігар Каныгін. Удзельнікаў і гасцей свята музыкай, песнямі і танцамі віталі творчыя калектывы мастацкай самадзейнасці УП “Віцебскаблгаз”.
Дадзенае мерапрыемства, па словах старшыні абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Мікалаевіча Шарстнёва, з’яўляецца цудоўнай прычынай моцна згуртавацца на аснове спартыўных спаборніцтваў. Кіраўнік вобласці таксама адзначыў: “Удзельнікі спартакіяды сваёй працай даказалі ў гэтым годзе, што дастойныя добрых паказчыкаў. А ў аснове ўсіх перамог ляжыць воля, цвёрдасць і характар”.
На працягу двух дзён удзельнікі спартыўных баталій спаборнічалі ў паркавым валейболе, настольным тэнісе, шашках, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, лёгкаатлетычнай эстафеце. Усяго было 12 відаў спаборніцтваў.
У склад каманды Шаркаўшчынскага раёна ўвайшлі старшыня раённага выканаўчага камітэта М. І. Баговіч і яго намеснік Ю. А. Васілеўскі, галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Д. М. Зеляпужын, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Т. І. Мечаль, начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А. Б. Аляхновіч, галоўны спецыяліст кіравання справамі райвыканкама А. П. Шынкевіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Арэшкава, галоўныя спецыялісты райвыканкама Н. Р. Цітовіч, Т. В. Малыш і Т. У. Аляхновіч. Дэвізам каманды нашы землякі абралі выраз: “Хтосьці мчыць за перамогай, хтосьці, каб пайсьці ў адрыў, а ў нас на першым месцы дружба, спорт і пазітыў!”
У конкурсных этапах шаркаўчане праяўлялі свае спартыўныя здольнасці па-рознаму. Дзесьці выходзілі ў лідары, па некаторых пазіцыях саступалі сваім сапернікам. Але не гэта галоўнае. Самае важнае, што падобныя мерапрыемствы даюць магчымасць сяброўскіх зносін паміж удзельнікамі, падчас іх кожны можа бліжэй пазнаёміцца, пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы, падзяліцца ўражаннямі і проста з камфортам і карысцю правесці свой вольны час.
У агульнакамандным заліку перамогу атрымала каманда абласнога выканаўчага камітэта. Дарэчы, на конкурсным этапе “Гіравы спорт” кіраўнік вобласці М. М. Шарстнёў за дзве хвіліны 75 раз падняў 32-кілаграмовую гіру, стаўшы пры гэтым бяспрэчным лідарам. У тройцы прызёраў аказаліся Наваполацкі гарвыканкам і адміністрацыя Кастрычніцкага раёна горада Віцебска. Каманда Шаркаўшчынскага райвыканкама заняла шаснаццатую пазіцыю ў турнірнай табліцы. Дарэчы, вынік гэты нядрэнны, бо сярод 27 каманд нашы землякі апынуліся ў “залатой сярэдзіне”.
Сваімі ўражаннямі пра ўдзел у абласной спартакіядзе з намі падзяліліся ўдзельнікі шаркаўшчынскай каманды.
Наталля Арэшкава, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:
— Несумненна, што падобныя спартыўныя мерапрыемствы вельмі патрэбныя, бо яны надаюць іх удзельнікам камандны дух, маральную бадзёрасць і фізічную загартоўку. Лічу, што выступленне нашай каманды хоць і не прынесла прызавое месца, тым не менш, аказалася ўдалым. Зараз ёсць усе падставы для таго, каб у будучым дасягаць новых спартыўных вяршынь.
Андрэй Шынкевіч, галоўны спецыяліст кіравання справамі райвыканкама:
— Асабіста я атрымаў ад удзелу ў спартакіядзе толькі самыя станоўчыя ўражанні. Зараз паўсюдна ў краіне ствараюцца належныя ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам. Дзякуючы гэтаму актыўна прапагандуецца здаровы лад жыцця. Радуе тая акалічнасць, што спартакіяда работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання вобласці стане ў будучым традыцыйным мерапрыемствам.
Таццяна Малыш, галоўны спецыяліст райвыканкама:
— Уразіла высокая арганізацыя падрыхтоўкі і правядзення спартыўных баталій. Месцы, занятыя камандамі, канечне, не самае галоўнае. У першую чаргу, і мы, і нашы сапернікі атрымалі масу пазітыўных эмоцый. Дзяржаўныя служачыя нічым не адрозніваюцца ад звычайных людзей ні ў пачуцці гумару, ні ў зносінах.
Сяргей РАЙЧОНАК.