У межах рэспубліканскай акцыі

Госавтоинспекция

IMG_7857
дзяржаўтаінспектар ДАІ Міхаіл Слабовіч уручае памятку пра дзіцячыя аўтакрэслы ўдзельніку дарожнага руху

З 25 жніўня па 5 верасня на дарогах Шаркаўшчынскага раёна праводзілася агульнадзяржаўная акцыя ДАІ “Увага — дзеці!”, у якой былі задзейнічаны супрацоўнікі аддзялення ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС. Асноўная яе мэта — папярэджанне траўматызму і смяротнасці сярод дзяцей, а таксама папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў. Падчас акцыі вадзіцелі былі абавязаны ў светлы час сутак рухацца з уключаным бліжнім святлом фар або хадавымі агнямі. Парушальнікаў чакала адміністрацыйная адказнасць.
Прадстаўнікі дзяржаўтаінспекцыі два гэтыя тыдні дзяжурылі каля ўстаноў адукацыі для таго, каб забяспечыць бяспеку дзяцей. Грунтоўная прафілактычная работа вялася сярод школьнікаў і сярод іх бацькоў. Першага верасня інспектары ДАІ прынялі ўдзел у святочных лінейках, дзе нагадалі вучням аб правілах дарожнага руху.
Таксама 28 жніўня ў Шаркаўшчынскім раёне прайшоў адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад назвай “Першы і галоўны ўрок бяспекі” ў рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі па кантролі за бяспекай перавозкі дзяцей аўтатранспартам “Дзіця — галоўны пасажыр”. У гэты дзень ДАІ ўзмацніла праверку правілаў перавозкі дзяцей у аўтамабілях. Дзяржаўтаінспекцыя не толькі правярала машыны на наяўнасць дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, але і нагадвалі кіроўцам аб неабходнасці строгага захавання правілаў дарожнага руху. Асаблівая ўвага надавалася тым кіроўцам, якія перавозілі у салонах аўтамабіляў непаўналетніх дзяцей. З імі праводзілі прафілактычныя гутаркі, ўручалі памятныя брашуры з інфармацыяй пра дзіцячыя аўтакрэслы.
Памятайце, што, пасадзіўшы дзіця ў машыну, неабходна паклапаціцца пра яго бяспеку. Выкарыстанне аўтакрэслаў — надзейны варыянт, каб засцерагчы маленькага пасажыра.
Сяргей ВЫСОЦКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *