
Восень — пара кірмашоў. Кіраўніцтвам раёна ставіцца задача перад сельгаспрадпрыемствамі, каб арганізавалі продаж сельгаспрадукцыі ў дастатковай колькасці і па прымальных цэнах для насельніцтва.
У мінулую суботу, як і планавалася, кірмаш пачаў сваю работу ў 8 гадзін раніцы. А некаторыя жыхары гарпасёлка, наслухаўшыся паведамленняў расійскіх СМІ, што ў Беларусі займаюць чаргу за мясам у 4 гадзіны раніцы, накіраваліся за ім раней, каб быць першымі. Пры адкрыцці мяснога павільёна сабралася столькі людзей, што яблыку не было дзе ўпасці, стварылі не чаргу, а поўную неразбярыху. Але, калі заўважылі, што мяса хопіць на ўсіх, людзі прыціхлі і паступова натоўп ператварыўся ў чаргу. Я вырашыла перачакаць гэты “напал пачуццяў” і пайшла на плошчу, дзе прадавалі збожжа і агародніну. Зернефураж прывезлі ААТ “Агратэхсэрвіс”, “Княж”, “Ельня-Агра”, “Юдыцына”, “Буеўшчына”, КУВСП “Гарадзец” і імя Маркава. Насенная пшаніца была з ААТ “Даватарскі” і “Ельня-Агра”. Практычна ўсе гаспадаркі прадавалі зернефураж па 20 тысяч рублёў за мяшок. Шмат пакупнікоў сабралася каля аўтамашыны ААТ “Жвіранка”. Толькі паспяваў пот з ілба выціраць шафёр, які падаваў мяшкі з кузава. Практычна так было і каля астатніх аўтамашын. Я ўжо

быццам і згадзілася з тым, што мне нічога не дастанецца і падыйшла да прадаўцоў ААТ “Ельня-Агра”. Стаяць сумныя, маўляў, не бяруць наша збожжа. “Дык я вазьму”, — узрадавалася і набыла для ўласных патрэб неабходную колькасць прадукцыі. Дарэчы, прывезлі з гаспадаркі 2,2 тон, якія таксама разыйшліся вельмі хутка. Мёд прадавалі ААТ “Даватарскі” і КУВСП імя Маркава. Набыць салодкую прадукцыю знайшлося нямала жадаючых.
Вярнулася зноў у мясны павільён. Стаяць у чарзе пяць чалавек. Азіраюся, за мной ніхто ўжо не становіцца. Відаць, усім хапіла, хаця мяса яшчэ заставаўся вялікі выбар.
Цяпер можна і вынікі падвесці. Гаспадаркі прадалі ў гэты дзень насельніцтву 23,4 тоны зернефуражу, амаль адну тону насеннай пшаніцы, 410 кілаграмаў бульбы, 90 — морквы, 84 — капусты, 18 кілаграмаў мёду, 30 парасят і 745 кілаграмаў мяса. Мяса прывезлі КУВСП “Гарадзец”, ААТ “Княж”, “Васюкі” і “Агратэхсэрвіс”. Свініна каштавала 28.660, ялавічына — 18.300, цяляціна — 19.050, бараніна — 36.490 рублёў за кілаграм.
Агульная выручка ў гэты дзень (акрамя мяса) склала 18.260 000 рублёў.
Купіўшы ўсё неабходнае, можна было і павесяліцца. Цудоўны настрой стваралі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна.
Кацярына СОСНА
