Каўшэлеўскі Дом фальклору: адраджэнне спадчыны продкаў

Актуальное

Адраджэнне спадчыны — гэта важная справа, якой трэба займацца рэгулярна. Без мінулага, як кажуць, няма будучыні. Прыемна, што на Шаркаўшчынскай зямлі ёсць людзі, якія займаюцца адраджэннем і захаваннем багатай спадчыны продкаў. Адно з такіх месц, дзе гэтай справе надаюць вялікую ўвагу — гэта вёска Каўшэлева (Більдзюжскі с/с). Пра захаванне спадчыны бацькоў—дзядоў—прадзедаў нам расказвае дырэктар Каўшэлеўскага Дома фальклору Надзея Іванаўна Вайцюль, якая разам з мастацкім кіраўніком Ядзвігай Уладзіміраўнай Туронак шмат робіць у гэтым накірунку.
—    Наш Дом фальклору — былы сельскі клуб — праводзіць значную работу ў сферы адраджэння спадчыны. Увогуле, мы працуем у фальклорным накірунку. Паспяхова дзейнічаюць музычныя калектывы: дзіцячы фальклорны “Шчадроўка”, членамі якога з’яўляюцца 12 дзяцей, дарослы фальклорны “Купалінка” з двума дзясяткамі ўдзельнікаў.
У Доме фальклору праводзяцца этнадыскатэкі —танцавальныя вечары ў народным стылі.
Рэгулярна збіраюцца на рэпетыцыі члены гуртка сольных спеваў, дзе займаюцца салісты з ліку настаўнікаў, бібліятэкараў, работнікаў сельгаспрадпрыемства. На базе Дома фальклору дзейнічаюць два ансамблі народных інструментаў — дзіцячы і дарослы. Цікава назіраць, як дзеці вучацца іграць на шумавых народных інструментах. Дарослыя практыкуюць скрыпку, баяны.
Вядзём экспедыцыйную работу — размаўляем са старажыламі, якія з’яўляюцца носьбітамі фальклорных традыцый, запісваем і сістэматызуем дадзеныя. Вось нядаўна Генадзій Канстанцінавіч Вайцюль расказаў пра Каляды, Надзея Аляксандраўна Курэц — пра Купалле.
За час работы стварылі архіў, у якім шмат каштоўнай інфармацыі. Зараз з дапамогай самадзейных артыстаў ажыццявілі пастаноўку абраду “Палатняная талака” — пра тое, як даўней жанчыны бялілі бель.
Нашы калектывы рэгулярна выступаюць на Купаллі, зажынках, дажынках. Зімой па Каўшэлеве калядуе ўся вёска — моладзь, людзі сярэдняга ўзросту, а таксама паважаныя ветэраны.
Хочацца адзначыць, што ў рэалізацыі нашых задум вялікую ролю адыгрывае Зянона Уладзіміраўна Маляўка з вёскі Праўдзінскае — жанчына займаецца вышываннем касцюмаў.
Трэба дадаць, што Дом фальклору актыўна супрацоўнічае з бібліятэкай, дзіцячым садам, школай. А гэта азначае, што любоў да гісторыі ў юных каўшэлеўцаў фарміруецца з дзяцінства. Таму традыцыі продкаў у нашым краі будуць жыць.
Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *