
На павароце дарогі вёскі Запруддзе — мясцовы магазін. Так і хочацца зайсці ў будынак, бо кожны раз там шмат пакупнікоў. Цікава, чым жа ён прываблівае мясцовых жыхароў? Па памерах будынак невялікі, але там усё ёсць, як кажуць, што душа жадае. А калі чаго не хапае, то хвалявацца не варта, дастаткова сказаць загадчыцы магазіна, як у хуткім часе заяўка будзе выканана. Вельмі ўважлівая да патрэб пакупнікоў прадавец 4-га разрада Марына Ірэнеўшаўна Чарвінская. На гандлёвым абслугоўванні ў яе 85 чалавек. Ніхто не застаецца без пакупкі, калі прыйдзе ў магазін. Парады, ветлівыя словы ўздымаюць настрой наведвальнікам. Значная ўвага ўдзяляецца нарыхтоўчай дзейнасці, што вельмі зручна для тых, хто хоча здаць лішкі прадукцыі з уласнага падворка, дароў лесу. Прымаецца тут усё. Толькі чарніц было закуплена 100 кілаграмаў, здавалі буякі. Цяпер завяршаецца сезон брусніц, на чарзе — журавіны. Прывозяць на здачу праз магазін і металалом. Так што не трэба па такіх пытаннях ездзіць у райцэнтр, усё можна вырашыць на месцы.
За 7 месяцаў года тавараабарот у магазіне склаў 231,4 мільёна рублёў. Толькі за жнівень — 53 мільёны.
Марына Ірэнеўшаўна адна спраўляецца з усім — і тавары прыняць, і прадукцыю ў насельніцтва, і заказы выканаць. І скаргаў на яе работу не паступае.
Кацярына СОСНА