Педкалектыў Лужкаўскай СШ працуе для таго, каб зрабіць школу ўтульным домам для кожнага вучня

Молодежь

гасцей вітаюць прадстаўнікі школьнага лясніцтва Дзмітрый Мядзелец, Паліна Барсук, Наталля Крыўка і Міхаіл Лапо разам з дырэктарам школы Ларысай Віктараўнай Гаранінай
гасцей вітаюць прадстаўнікі школьнага лясніцтва Дзмітрый Мядзелец, Паліна Барсук, Наталля Крыўка і Міхаіл Лапо разам з дырэктарам школы Ларысай Віктараўнай Гаранінай

Пра характар, звычкі і захапленні сваіх гаспадароў многае можа расказаць іх дом. З гэтым меркаваннем цяжка не пагадзіцца, асабліва калі прыехаць у Лужкаўскую сярэднюю школу, дзе ў гэтым годзе адукацыю набывае 171 вучань. Многае зроблена для таго, каб гэта навучальная установа стала сапраўдным домам для кожнага, хто адчыніў дзверы ў “краіну ведаў”. І калі прыязджаюць госці, то для дырэктара і ўсіх педагогаў прывычнымі сталі словы здзіўлення і захаплення, бо школьны двор і сам інтэр’ер школы нікога не пакідаюць раўнадушнымі. Сёння там можна ўбачыць і школьны дэндрарый, “зімовы” і “водны” сады, пладовы сад “Памяці Сікоры”, агарод лекавых раслін і самабытны куточак “Размаўляем па-беларуску”. Кожны год з’яўляецца штосьці новае. Усё створана рукамі працавітых дзяцей і таленавітых педагогаў пад кіраўніцтвам ініцыятыўнага і творчага дырэктара школы Ларысы Віктараўны Гаранінай, якая на працягу апошніх 10 год узначальвае гэты педагагічны калектыў. З ёй наша сённяшняя размова.
— Значная ўвага ў Лужкаўскай сярэдняй школе надаецца праблемам экалогіі, прыродаахоўнай і энергазберагальнай дзейнасці, а сама навучальная ўстанова, якая атрымала статус “Зялёнай школы”, будзе занесена ў гэтым годзе на Рэспубліканскую Дошку гонару. У чым сакрэт такой паспяховай дзейнасці?
— З мэтай экалагічнага выхавання дзяцей і моладзі 5 гадоў назад у нашай краіне стартавала праграма “Зялёныя школы”. Яна нас вельмі зацікавіла і з 2013 па 2016 год у нашай школе паспяхова рэалізуецца праект “Укараненне мадэлі “Зялёнай школы”: апрабацыя экалагічнага менеджменту”. Дзякуючы нашаму дружнаму калектыву, таленавітым і творчым настаўнікам, ініцыятыўным вучням, якія не шкадуюць сваіх сіл і часу для дасягнення агульнай мэты, многія ідэі і планы ўдаецца ўвасобіць у жыццё і ажыццявіць задуманае. Вельмі ўдзячны кіраўніцтву раёна, аддзелу адукацыі, спорту, турызму райвыканкама, КУВСП “Гарадзец”, Лужкаўскаму лясніцтву за падтрымку нашых ідэй і праектаў, разуменне многіх нашых праблем.
— Школьны дэндрарый — адно з самых прыгожых месцаў вашай школы. Раскажыце крыху пра яго.
— У 2003 годзе на тэрыторыі Лужкаўскай школы быў закладзены дэндрарый, за стварэнне і захаванне якога мы атрымалі грамату Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У любую пару года ў дэндрарыі можна ўбачыць вялікую колькасць вечназялёных раслін, кустарнікаў і дрэў, якія ніколі не “губляюць” свайго зялёнага ўбрання. З цягам часу з’явіўся ў нас і гадавальнік драўняных раслін, у якім дзеці і настаўнікі самі з чаранкоў вырошчваюць вечназялёныя расліны, упрыгожваюць імі прышкольную тэрыторыю, сквер у аграгарадку Лужкі і ў райцэнтры. Нашы вучні атрымліваюць веды па сістэматыцы раслін, знаёмяцца з разнастайнымі дэкаратыўнымі відамі, вучацца іх даглядаць і, наогул, беражліва адносіцца да прыроды і навакольнага асяроддзя.
— А што ўяўляе сабой “Зімовы сад”?
— Наш “Зімовы” сад увасабляе сабой даўнюю мару ўсіх дзяцей пра вечнае лета. Размешчаны ў адным з пакояў нашай школы, ён налічвае каля 100 відаў разнастайных раслін (у тым ліку і рэдкіх), якія радуюць нас сваёй прыгажосцю і зімой, і летам. “Зімовы” сад расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у 2010 годзе. Стварыць гэта неверагодна прыгожае месца нам ўдалося дзякуючы супрацоўнікам Батанічнага саду горада Мінск. Яны дапамагалі выбіраць расліны, тлумачылі, як трэба за імі даглядаць, некаторыя рэдкія віды мы атрымалі ў падарунак. І зараз дзеці, якія наведваюць гурткі “Азбука кветкавода” і “Дзікая прырода Беларусі” на практыцы вывучаюць узаемасувязь паміж чалавекам і прыродай, даглядаюць акварыумных рыбак, якія знаходзяцца тут, знаёмяцца з рэдкімі відамі раслін.
— Як школа, у якой вялікая ўвага надаецца экалагічнаму выхаванню дзяцей, клапоціцца пра арганізацыю іх правільнага харчавання?
— Здаровае харчаванне дзяцей у нас заўсёды на першым плане. Кожны год на прышкольным участку плошчай 2 гектары вырошчваем усю неабходную садавіну і агародніну. Гэта дазваляе зрабіць харчаванне дзяцей больш танным і адначасова забяспечыць школьную сталовую свежай, карыснай і экалагічна чыстай прадукцыяй. Вельмі ўдзячны кіраўніцтву КУВСП “Гарадзец”, якое заўсёды ў неабходным аб’ёме пастаўляе ў школу мяса і бульбу. Такім чынам, у дзяцей ёсць магчымасць харчавацца за датацыю і бацькам не трэба рабіць даплату. Забяспечыць школу свежай садавінай дапамагаюць і нашы пладовыя сады. Адзін з іх, высаджаны ў 2008 годзе, ужо налічвае 120 яблынь і 20 ігруш. Другі пладовы сад “Памяці Сікоры”, закладзены выпускнікамі 2011 года, таксама прыносіць свае плады. У ім растуць 80 дрэў. І кожны год на свята ўраджаю ўсе дзеці, педагогі і работнікі школы атрымліваюць у якасці падарунка за сваю працу кош свежых яблыкаў.
— Што яшчэ незвычайнага ёсць у вашай школе?
— Не так даўно на нашым прысядзібным участку з’явіўся агарод лекавых раслін. З дапамогай педагогаў дзеці ўважліва вывучаюць лекавыя ўласцівасці раслін, высушваюць травы і робяць з іх фітачай — заспакойлівы, для бадзёрасці, для павышэння імунітэту, некаторы іншы. А вучні, якія наведваюць гурток “Умелыя рукі” (кіраўнік Вольга Васільеўна Шастакевіч), прыдумалі арыгінальную і прыгожа аздобленую льняную ўпакоўку для нашага чаю. Каб дзецям было цікава вывучаць беларускую мову і культуру, на школьным двары створаны куточак “Размаўляем па-беларуску”. Сіламі дзяцей і педагогаў за апошнія 10 год многае зроблена ў нашай школе, і мы не спыняемся на дасягнутым. Мне, як кіраўніку, вельмі важна, каб Лужкаўская сярэдняя школа была для дзяцей утульным домам, напоўненым дабрынёй і ўвагай да кожнага, куды хлопчыкі і дзяўчынкі кожны дзень будуць прыходзіць з радасцю і жаданнем вучыцца.
— Дзякуй Вам за цікавую размову!
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

удзельніцы і кіраўнік гуртка “Умелыя рукі” Вольга Васільеўна Шастакевіч
удзельніцы і кіраўнік гуртка “Умелыя рукі” Вольга Васільеўна Шастакевіч
гурток “Азбука школьных кветкаводаў”, заняткі ў якім праводзіць Вольга Фердзінандаўна Шуман, з задавальненнем наведваюць Вераніка Хаданёнак, Марта Аніськовіч і Кацярына Хрол
гурток “Азбука школьных кветкаводаў”, заняткі ў якім праводзіць Вольга Фердзінандаўна Шуман, з задавальненнем наведваюць Вераніка Хаданёнак, Марта Аніськовіч і Кацярына Хрол
практычныя веды ў дэндрарыі дзеці набываюць з дапамогай кіраўніка школьнага лясніцтва Алёны Уладзіміраўны Лапацкай
практычныя веды ў дэндрарыі дзеці набываюць з дапамогай кіраўніка школьнага лясніцтва Алёны Уладзіміраўны Лапацкай


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *