Напярэдадні свята Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу мы сустрэліся з начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Дзмітрыем Міхайлавічам Ламакам, каб даведацца, з якімі паказчыкамі завяршаюць год сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Шаркаўшчынскага раёна.
— Дзмітрый Міхайлавіч, як склаліся справы вясковых працаўнікоў у 2015 годзе, які набліжаецца да свайго завяршэння?
— На тэрыторыі раёна на сённяшні дзень маецца 9 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Сёлета адкрытае акцыянернае таварыства “Юдыцына” было далучана да суседняй гаспадаркі ААТ “Буеўшчына”. Вынікі 2015 года даюць надзею на паступовае паляпшэнне эканамічных паказчыкаў сельскагаспадарчай галіны нашага раёна. За студзень—кастрычнік тэмп росту валавай прадукцыі склаў 110 працэнтаў да ўзроўню мінулага года, у тым ліку прадукцыі жывёлагадоўлі на 105, раслінаводства на 114 працэнтаў.
— Раскажыце пра стан спраў у галіне жывёлагадоўлі.
— За прайшоўшы перыяд 2015 года валавы надой малака склаў 24744 тоны, што больш мінулагодняга паказчыка на 100,2 працэнта. Сярэдні надой на адну карову дасягнуў паказчыка 2974 кілаграмы. Сярод гаспадарак па вытворчасці малака трэба выдзеліць ААТ “Ельня-Агра” (116 працэнтаў да ўзроўню мінулага года), “Даватарскі” (109 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2014 года), КУВСП імя Маркава (102 працэнты да мінулага года).
Прадукцыя вырошчвання жывёлы склала 2532 тоны, у тым ліку мяса буйной рагатай жывёлы 2453 тоны, мяса свіней 79 тон. Сярэднесутачная прывага БРЖ склала 421 грам, свіней 362 грамы. Для зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы гаспадаркамі раёна нарыхтавана 104 тысячы тон сенажу, 10,5 тысячы тон сена і 38,6 тысячы тон сіласу. Нарыхтавана звыш тысячы тон бульбы і 63 тоны гародніны.
— Дзе вядзецца на сённяшні дзень будаўніцтва новых і рэканструкцыя старых аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння ў раёне?
— Сёлета ў ААТ “Ельня-Агра” пабудаваны новы зернесушыльны комплекс СЗШ-20. Працягваецца рэканструкцыя малочнатаварных ферм Лонскія (ААТ “Буеўшчына”), Каралева (ААТ “Княж”), Ручай (ААТ “Агратэхсэрвіс”), Каўшэлева (ААТ “Жвіранка”). Вядзецца будаўніцтва даільнай залы на МТФ Зорка (ААТ “Ельня-Агра”).
— Вядома, што 2015 год добра склаўся для галіны раслінаводства. Паведаміце, калі ласка, пра поспехі шаркаўшчынскіх хлебаробаў.
— Валавы збор зерневых і зернебабовых культур у першапачатковай апрыходаванай вазе склаў 56 тысяч 800 тон, што на 148 працэнтаў больш мінулагодняга паказчыка. Сярэдняя ўраджайнасць дасягнула адзнакі 33 цэнтнеры з гектара (на 10 ц/га больш чым летась). Ураджайнасць, дарэчы, стала рэкорднай за ўсю гісторыю Шаркаўшчынскага раёна. Найбольшай яе дасягнулі хлебаробы ААТ “Даватарскі” — 46,5 цэнтнераў на круг. Валавы збор рапсу ў бункернай вазе склаў 3802 тоны ці 165 працэнтаў да ўзроўню мінулага года.
— За гэтымі высокімі паказчыкамі — нялёгкая, карпатлівая работа працаўнікоў сяла. У вялікай ступені станоўчыя дасягненні залежаць і ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў. Каго, на ваш погляд, можна з іх адзначыць?
— Вялікіх слоў удзячнасці за працу заслугоўваюць дырэктары ААТ “Ельня-Агра” Міхаіл Якімовіч, “Даватарскі” — Сяргей Струй, “Буеўшчына” — Анатолій Буда, КУВСП імя Маркава — Багуслаў Паўлоўскі і шэраг іншых работнікаў.
— Дзмітрый Міхайлавіч, што вы асабіста хочаце пажадаць працаўнікам вёскі напярэдадні іх прафесійнага свята?
— Шчыра дзякую ўсім жыхарам Шаркаўшчынскага раёна, хто заняты ў галіне сельскай гаспадаркі, за іх нястомную самаадданую працу на карысць роднага краю. Зычу кожнаму здароўя, дабрабыту і ладу ў сем’ях. Цвёрда ўпэўнены, што ў будучым мы разам дасягнем яшчэ большых паказчыкаў па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.
