
У нашай школе 1 верасня быў хвалюючы дзень, калі закончыўся бесклапотны адпачынак і пачалася вучоба. Асаблівае хваляванне адчувалі першакласнікі і адзінаццацікласнікі. Першыя таму, што для іх пачынаецца новы этап жыцця — пераход з пары маленства ў больш дарослую. А перад намі — выпускнікамі — паўстае сур’ёзнае пытанне: “Кім быць? Куды пайсці вучыцца?” Тыя, хто ўжо знайшоў адказ на гэтыя пытанні, накіравана ідуць да сваёй мэты, а ў тых, хто яшчэ вагаецца, — выбар няпросты.
У гэты святочны дзень разам з вучнямі хваляваліся і настаўнікі, праца якіх складаная і адказная. Вельмі цікава было назіраць за зусім яшчэ маленькімі вучнямі, якіх прывялі за ручку на школьную лінейку бацькі. Для іх ўсё будзе ўпершыню, як і для маёй сястры Веранікі. Так склалася ў нашай сям’і, што я заканчваю школу, а яна пачне вучобу ў ёй.
Распачалася святочная лінейка гімнам Рэспублікі Беларусь. Затым з віншаваннямі выступіла дырэктар школы Марыя Аляксандраўна Зайцава. Са словамі віншавання звярнуліся да прысутных намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама К. Р. Міхнёнак і метадыст Н. М. Пастушкова, інспектар па справах непаўналетніх РАУС М. Я. Зубовіч, намеснік начальніка аддзела па надзвычайных сітуацыях С. В. Крыўко, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Даватарскі” В. Г. Вялічка. А потым з падарункамі завіталі да нас госці: дырэктар райспажыўтаварыства А. Д. Далецкі падарыў школе прынтар і ноўтбук, ад парафіі касцёла Узвышэння Святога Крыжа ксёндз Крыштаф Сілкоўскі ўручыў DVD, былі падарункі і ад кіраўніцтва ААТ “Агратэхсэрвіс” і “Даватарскі”. А першакласнікі трымалі ў руках падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — кнігу “Беларусь — наша Радзіма”.
Настаў самы хвалюючы момант. Уладзіслаў Русецкі, пасадзіўшы на плячо першакласніцу Надзю Стаўманенка, прайшоў уздоўж радоў вучняў, і званіў у руках дзяўчынкі званок, які запрашаў усіх школьнікаў у класы.
Мы, адзінаццацікласнікі, прыпаднеслі маленькім свае падарункі і, узяўшы іх за ручкі, пераступілі парог роднай школы.
Дыяна ЛАЎРЫНОВІЧ,
вучаніца 11 класа Шаркаўшчынскай СШ № 1
