Працаўнікі сяла: механізатар ААТ «Буеўшчына» Вадзім Падоба

Актуальное

Вадзім Падоба — адзін з самых маладых механізатараў ААТ “Буеўшчына”. Ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Іёды, пасля заканчэння Глыбоцкага ліцэя вярнуўся працаваць у родную гаспадарку. Прафесію механізатара атрымаў у спадчыну ад бацькі, вопытнага трактарыста, які на працягу многіх гадоў працуе ў аддзяленні Іёды.

— Тэхнікай захапляўся з самага дзяцінства, — узгадвае Вадзім. — Яшчэ у школьныя гады, калі разам з хлопцамі рамантавалі машыны і матацыклы, такая дзейнасць мне вельмі падабалася. І гэта таксама паўплывала на выбар будучай прафесіі.

Вось ужо трэці год Вадзім працуе механізатарам. Спачатку замяняў больш вопытных калег, вучыўся працаваць з рознай тэхнікай, паступова павышаў сваё прафесійнае майстэрства. А ў гэтым годзе кіраўніцтва гаспадаркі даверыла маладому чалавеку новы трактар МТЗ-3022, укамплектаваны сеялкай. Вясной і ўвосень Вадзім задзейнічаны на сяўбе, зімой прыводзіць у парадак тэхніку, прычапныя агрэгаты, рамантуе іх і ўдасканальвае.

— Нягледзячы на свой невялікі працоўны стаж, гэты малады чалавек з’яўляецца адным з лепшых механізатараў нашай гаспадаркі, — адзначыў дырэктар ААТ “Буеўшчына” Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. — Вадзім Падоба — адказны і ініцыятыўны  спецыяліст, які заўсёды бездакорна выконвае свае абавязкі, працуе сумленна, імкнецца ўсё зрабіць так, каб быў добры рэзультат. Адразу бачна, што чалавек на сваім месцы.

Клопатаў вяскоўцам заўсёды хапае, ды і ў механізатараў вольнага часу зусім няшмат. А калі з’явіцца свабодная хвіліна, Вадзім імкнецца праводзіць яе разам са сваёй сям’ёй. Дома маладога чалавека чакаюць жонка Вольга і дачушка Паліна, якая з’явілася на свет паўтары гады назад. Уласным жыллём сям’я пакуль што не абзавялася, пражывае ў аграгарадку Іёды ў бацькоўскім доме. І менавіта бацькам маладыя людзі вельмі ўдзячныя за падтрымку і дапамогу.

Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *