15 студзеня нашаму раёну споўнілася 76 год з даты яго заснавання. Як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Шаркаўшчынскі раён быў утвораны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і ўвайшоў у састаў Вілейскай вобласці. Дадзеным нарматыўна-прававым актам на вызваленых ад палякаў беларускіх землях скарачаліся паветы і ўстанаўлівалася дзяленне абласцей.
Хутка праляцелі гады, дзесяцігоддзі. Утварыўшыся ў перадваенны час, шмат змяненняў і перабудоў зведаў наш раён. Не абышло яго ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі. Няпроста было людзям, якія працавалі на шаркаўшчынскай зямлі ў самых розных галінах народна-гаспадарчага комплексу.
Прыгадаем некаторыя вытрымкі з гісторыі. У год стварэння раёна ў ім пражывала больш 38 тысяч чалавек. На землях памешчыкаў былі ўтвораны 2 калгасы. У кастрычніку 1940 года мястэчка Шаркаўшчына набыло статус гарадскога пасёлка. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў да кастрычніка 1944 года адноўлены даваенныя калгасы — імя Сталіна і “1-е мая”. У пачатку 1950 года ўжо налічвалася 100 калгасаў і адзін саўгас. З 1951 па 1953 гады калгасы ўзбуйніліся і іх засталося 32.
У 1955 годзе ў раёне функцыянавалі раённая бальніца, 3 урачэбныя ўчасткі, 9 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. У 1960 годзе дзейнічалі 27 калгасаў і адзін саўгас. Працавала мясцовая прамысловасць: раймаслапрам, райпрамкамбінат, арцель “Чырвоны сцяг”. Далейшае развіццё атрымала і народная адукацыя: налічвалася 6 сярэдніх, 21 сямігадовая і 43 пачатковыя школы.
17 красавіка 1962 года раён быў скасаваны і аднавіў сваё існаванне ў 1966 годзе. На гэты час дзейнічалі 27 калгасаў, 4 саўгасы, КБА, прамкамбінат, маслазавод, сельгастэхніка, агародніна-сушыльны завод.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 зацверджаны афіцыйныя геральдычныя сімвалы (герб і сцяг) Шаркаўшчынскага раёна.
З нашым раёнам знітаваны лёсы яго славутых ураджэнцаў і людзей, якія працяглы час жылі на шаркаўшчынскай зямлі і прыносілі ёй карысць. Гэта Герой Савецкага Саюза Раман Кудрын, Народныя артысты СССР і БССР Генадзь Цітовіч і Павел Дубашынскі, мастак, фалькларыст і этнограф Язэп Драздовіч, садавод Іван Сікора, гісторык Мікола Ермаловіч, паэты і пісьменнікі Міхась Машара, Герман Кірылаў, Віктар Праўдзін і іншыя.
Першымі сакратарамі райкама КПБ і старшынямі райвыканкама працавалі Цімафей Пятровіч Шарыпаў, Вячаслаў Сямёнавіч Русак, Анатолій Георгіевіч Шманцар, Віктар Андрэевіч Бядрыцкі, Мікалай Андрэевіч Таратута, Анатолій Ермалаевіч Хрусцель, Іван Іванавіч Цярэшка, Мечыслаў Часлававіч Сезянеўскі, Леанід Віктаравіч Клакоўскі, Мечыслаў Віктаравіч Морхат. Цяпер наш раён узначальвае Мікалай Ірынархавіч Баговіч.
Летась у раённым Цэнтры культуры прайшло свята, прысвечанае 75-годдзю ўтварэння Шаркаўшчынскага раёна. Ва ўрачыстай абстаноўцы быў зачытаны Прывітальны адрас ад старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарстнёва, ушанаваны лаўрэаты Ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны-2014”, ветэраны працы, а таксама лепшыя вучні школ — будучае Шаркаўшчынскага раёна.
Мінаюць гады, дзесяцігоддзі. Няўмольны бег часу кожны пражыты дзень робіць гісторыяй, якую пішуць сваёй карпатлівай, самаадданай працай жыхары шаркаўшчынскай зямлі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
