
Наш раён ужо не першы год супрацоўнічае з Латвійскай і Літоўскай рэспублікамі. Доказам таму з’яўляецца ўдзел шаркаўчан у Еўрарэгіёне “Азёрны край”, 33-е пасяджэнне якога прайшло ў нашым гарадскім пасёлку ў маі мінулага года. Кіраўніцтва ўпраўлення Даўгаўпілскай краёвай Думы і лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці Латвіі — пастаянныя ўдзельнікі “Яблычнага фэсту” ў Алашках. У верасні 2015 года шаркаўчане з сяброўскім візітам наведалі латвійскіх сяброў і прынялі ўдзел у святкаванні Дзён Даўгапілскага краю.
Шляхі далейшага супрацоўніцтва Шаркаўшчынскага раёна і Латвійскай Рэспублікі абмеркавалі за круглым сталом 10 лютага прадстаўнікі раённай улады разам з кіраўніком консульства Латвіі ў Віцебску Угісам Скуя. Дыпламат стаў пераемнікам спраў былога консула Дагніі Лацэ-Атэ, якая адпрацавала на гэтай пасадзе тры з паловай гады і зрабіла шмат захадаў для наладжвання сяброўскіх кантактаў у розных сферах дзейнасці. Яна ж у вялікай ступені спрыяла і таму, што наш Шаркаўшчынскі раён стаў удзельнікам латвійска-літоўска-беларускага міжнароднага аб’яднання Еўрарэгіёну “Азёрны край”.
Цяперашні консул прызначаны на пасаду 24 жніўня мінулага года. Ён ужо ажыццявіў шэраг паездак па гарадах і раёнах Віцебскай вобласці з мэтай азнаямлення з паўночным рэгіёнам нашай краіны, абмеркавання перспектыў далейшага супрацоўніцтва ў культурнай, спартыўнай і дзелавой сферах.
— Я планую засяродзіць увагу ў сваёй дзейнасці на кантактах беларускіх і латвійскіх гарадоў, — паведаміў Угіс Скуя ў час наведвання Шаркаўшчыны. — Ведаючы, што буду працаваць у Віцебску, яшчэ ў Рызе думаў, якія калектывы мастацкай самадзейнасці можна запрасіць у Латвію.
Як высветлілася, новы консул сам захапляецца музыкай, у дзяцінстве спяваў у хоры і цяпер хоча наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва паміж краінамі-суседзямі, асабліва ў культурнай сферы.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў У. С. Шпец, намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. У. Стома і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Арэшкава паведамілі консулу пра гісторыю, мінулае і сучаснае Шаркаўшчынскага раёна, яго славутых людзей расказалі пра адметныя падзеі, спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, якія праходзяць у нас. Шмат цікавай інфармацыі Угіс Скуя даведаўся пра экалагічны праект “Малыя рэкі — вялікія праблемы”, які ўжо завершаны, але работа ў дадзеным накірунку працягваецца і цяпер.
Намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскі падкрэсліў, што наш раён вельмі зацікаўлены ў рэалізацыі сумесных праектаў па экалогіі, энергасберажэнні, перапрацоўцы другаснай сыравіны і папрасіў консула аказаць у гэтым накірунку інфармацыйную падтрымку.
Затым Угіса Скую азнаёмілі з працэсам вытворчасці і асартыментам прадукцыі кансервавага завода. Консул наведаў таксама і цэнтральную раённую бальніцу, дзе падрабязна азнаёміўся з медыцынскімі паслугамі, якія прадастаўляе ўстанова аховы здароўя для грамадзян, у тым ліку і для замежных.
Сяргей РАЙЧОНАК






