Магазін маленькі, а пакупнікоў многа. Пра пункт гандлю ў вёсцы Жукі Ложныя і прадаўца Вольгу Рагавую

Актуальное

Вольга Іванаўна РАГАВАЯ працуе прадаўцом у магазіне ў доме сацыяльных паслуг у вёсцы Жукі Ложныя (Германавіцкі с/с). Жанчына характарызуецца кіраўніцтвам райспажыўтаварыства, як добры спецыяліст, вопытны работнік. Вольга Іванаўна ўсё жыццё прысвяціла дзяржаўнаму гандлю.
Магазін у доме сацыяльных паслуг штодня адкрыты для пакупнікоў, акрамя аўторка — выхадны дзень. Вольга Іванаўна добра ведае густы сваіх пакупнікоў, пры тым, што іх не шмат і прыходзяць за таварам досыць часта. Магазін у невялічкай вёсцы — гэта месца сустрэчы: тут можна і пра жыццё пагутарыць, і даведацца пра апошнія навіны. А прадавец павінен быць псіхолагам — разумець, што трэба чалавеку.
—    Працаваць у магазіне падабаецца, — гаворыць В. І. Рагавая. — Ведаю ўсіх пакупнікоў. Трэба адзначыць, што ў навакольных вёсках жывуць добрыя людзі. У саміх Жуках Ложных пражывае 38 чалавек. З усімі знаходзім агульную мову.
—    А што найбольш купляюць вяскоўцы? — пытаюся ў прадаўца.
—    Бяруць прадукты: хлеб, крупы, муку, каўбасы, мясныя вырабы. Улетку добра куплялі марожанае, — адказала Вольга Іванаўна.
Як высветлілася, даведзены план В. І. Рагавая выконвае. Чалавек ведае сваю справу, таму і тавар разыходзіцца добра. У магазіне таксама можна набыць тавары першай неабходнасці. Ёсць магчымасць заказаць бытавую тэхніку — заяўка будзе выканана ў тэрмін.
Пакуль размаўлялі, адзін за другім у магазін заходзілі вяскоўцы. Усе набывалі штосьці. Сумы былі, канешне, невялікія, але кожны змог купіць тое, што хацеў. А гэта галоўны паказчык таго, што такія невялічкія магазіны ў маленькіх і аддаленых вёсках патрэбны.
Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *