У вёсцы Грыблы пахаваны дваццацігадовы партызан

Актуальное

Магіла партызана Мікалая Зянькова ў в.Грыблы
Магіла партызана Мікалая Зянькова ў в.Грыблы

З кожным годам усё больш актывізуецца работа па пошуку магіл салдат і партызан Вялікай Айчыннай вайны, устанаўленни імён змагароў, якія аддалі сваё жыццё за свабоду роднай зямлі. У сродках масавай інфармацыі часта публікуюцца матэрыялы пра вернутыя з забыцця прозвішчы савецкіх воінаў. Гэтай пачэснай і вельмі высакароднай справай займаюцца спецыяльныя пошукавыя атрады, валанцёры, настаўнікі і вучні школ.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў казянскіх лясах дыслацыравалася партызанская брыгада “Спартак”. Народныя мсціўцы чатыры гады вялі барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сувязным аднаго з атрадаў гэтай брыгады быў ураджэнец Полаччыны Мікалай Зянькоў. Цяпер дакладна невядома, як малады партызан трапіў у наш раён. Не засталося больш у жывых сведкаў тых часоў, яго баявых таварышаў. Па ўспамінах былых жыхароў ужо не існуючай вёскі Слабада і вёскі Грыблы Мікалай Зянькоў падарваўся на баявой гранаце, калі выконваў чарговае баявое заданне. І здарылася гэта ў год вызвалення Беларусі ад ворага. Зусім крыху не дажыў да перамогі дваццацігадовы партызан. Лёсам яму было наканавана знайсці вечны спакой у той мясцовасці, дзе змагаўся з немцамі. Пахавалі Мікалая мясцовыя жыхары на грыблоўскіх могілках. Над магілай шэфства ўзялі настаўнікі і вучні Слабадской СШ. Уключыўшыся ў актыўную пошукавую работу, яны знайшлі родных загінуўшага партызана. У 70-х гадах тут устанавілі помнік, агароджу, штогод на 9 Мая на магілку прыносілі кветкі і вянкі. Але ў сярэдзіне 90-х па нейкіх прычынах абарвалася сувязь з роднымі Мікалая Зянькова. З закрыццём Слабадской СШ у 2011 годзе не стала каму даглядаць за месцам пахавання. Цяпер магіла, на жаль, не дагледжана. На самім помніку напісана: “Зеньков Николай Васильевич. 1924 погиб 1944. Дорогому брату от родных”.

Магчыма, што прачытаўшы гэты матэрыял не толькі ў газеце, але, у першую чаргу, на сайце “Кліч Радзімы”, знойдуцца родныя брата ці сястры Мікалая Зянькова, каб прыехаць у вёску Грыблы і пакланіцца магіле свайго продка, які аддаў жыццё за мір, шчасце і свабоду нашай краіны.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *