Зоркаўская сярэдняя школа: дзень сённяшні

Молодежь

адказныя за добраўпарадкаванне Іна Іванаўна Толсцік з членамі вытворчага звяна Раманам Толсцікам, Ірынай Швед, Вольгай Ганебнай, Дзмітрыем Фаміным

—    Школьнае жыццё павінна быць цікавым і насычаным рознымі падзеямі, — такой думкі прытрымліваецца дырэктар Зоркаўскай СШ Вера Іванаўна МОРХАТ. — У гэтым накірунку павінны працаваць усе педагогі. Трэба зацікавіць дзяцей, навучыць іх самастойнасці і ініцыятыўнасці. І яшчэ, на маю думку, вельмі важна, каб дзеці атрымалі неабходны багаж ведаў і адпаведнае выхаванне, каб у далейшым яны маглі канкурыраваць з выпускнікамі гарадскіх школ.
Вось так пачалася гутарка з дырэктарам Зоркаўскай школы, якая знаходзіцца на ўскраіне раёна.
—    Сёлета адзінаццаць класаў закончылі пяць вучняў. Чацвёра з іх паступілі ў ВНУ, адзін — у Лужаснянскі каледж, — не без гонару расказвае кіраўнік школы. — Гэта азначае, што педагогі працуюць добра.
Увогуле, Зоркаўская СШ — гэта 54 вучні, з імі працуюць 16 настаўнікаў. Калі пад’язджаеш да навучальнай установы, адразу кідаецца ў вочы прыгажосць і парадак вакол будынка. На жаль, у лістападзе прышкольная тэрыторыя ўжо не патанае ў кветках і зеляніне, як гэта было летам і ў пачатку восені. За добраўпарадкаванне адказваюць настаўнікі Іна Іванаўна Толсцік і Анатолій Піліпавіч Бурэнь.
Школьнае жыццё, як ужо адзначалася, насычанае. Зоркаўскія хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічаюць у раённых турзлётах (і настаўнікі не застаюцца ў баку). Улетку ў школе працаваў лагер працы і адпачынку “Світанак”, які наведвалі 30 дзяцей. Дзеці мелі магчымасць добра адпачыць. Надоўга запомнілася спартыўнае свята “Малыя алімпійскія гульні”, у якім удзельнічалі госці з Гуркаўскай БШ.
Дарэчы, распрацоўка свята — яго сцэнарый — заняла другое месца ў вобласці на адпаведным конкурсе. Таму прадстаўнікі навучальнай установы былі запрошаны на алімпійскае свята ў Віцебск.
Ніна Генадзьеўна Буда — намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, узначальвала лагер і шмат сіл уклала ў арганізацыю дзіцячага адпачынку.
—    На маю думку, да кожнага дзіця трэба знайсці асабісты падыход, — лічыць Ніна Генадзьеўна. — У нашай школе шмат таленавітых дзяцей і яны прымаюць самы актыўны ўдзел ва ўсіх школьных мерапрыемствах. Падабаецца, што нашы вучні вылучаюцца сваёй выхаванасцю. Працуем з бацькамі, бо робім агульную справу. Добра ведаем кожную сям’ю, дзе ёсць дзеці.
Настаўнік геаграфіі Жанна Паўлаўна Буда — арганізатар і ідэйны натхняльнік усіх святаў. Жанна Паўлаўна, як кажуць, душа калектыву. Асабліва ўдала ў яе атрымліваецца арганізоўваць выпускныя і вечары сустрэчы школьных сяброў. Дарэчы, у 2012 годзе запланавана вялікае свята ў лютым — юбілейная сустрэча школьных сяброў. Справа ў тым, што Зоркаўская школа набыла статус сярэдняй 20 гадоў назад. І Жанна Паўлаўна плануе парадаваць школьных гасцей.
Зараз выпускнікі навучальнай установы раз’ехаліся па ўсім свеце. З іх многія — годныя і самастойныя людзі, якія дасягнулі нядрэнных вынікаў. Многія настаўнікі памятаюць першы выпуск 1993 года — Вячаслава Ліпскага, Леаніда Смулько, Людмілу Новік, Анну Шэнда, Аляксея Войтава.
У гутарцы з дырэктарам даведаўся, што вучні вучацца працаваць з малых гадоў. Пры школе створана вытворчае звяно. Дзеці дапамагаюць мясцовай гаспадарцы. За гэта дырэктар “Ельня-Агра” С. М. Захарэвіч на свята першага званка ўручыў школе падарунак — музычны цэнтр.
Вучні працуюць на прышкольным участку. На зіму нарыхтавана 600 кг капусты, 330 кг сталовых буракоў, морква. Гаспадарка выдзеліла 1 тону бульбы, забяспечвае мясам. Таму абеды ў школьнай сталовай такія смачныя і, галоўные, танныя.

кіраўнік творчых праектаў Жанна Паўлаўна Буда са сваімі памочнікамі дзевяцікласніцамі Надзеяй Якімовіч і Марыяй Івашкевіч

Хочацца верыць, што ў Зоркаўскай СШ ёсць добрыя перспектывы. На абслугоўваемай тэрыторыі пражываюць дзесяць дашкольнікаў. У першы клас прыйдуць тры вучні. Усё гэта ўсяляе надзею, што і надалей 1 верасня ў Зорцы будзе звінець першы званок, які будзе збіраць мясцовых дзяцей за школьныя парты. Няхай дзіцячыя галасы і смех напаўняюць вёску, аддаленую ад райцэнтра на тры дзясяткі кіламетраў.
Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *