
«Прыкладна 650 мільёнаў чалавек у свеце маюць інваліднасць. Мэтай Дня інвалідаў, які праходзіць 3 снежня, якраз і з’яўляецца прыцягненне ўвагі да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі, абарона іх правоў, далучэнне іх да актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. Ад нашых гуманных адносін, ад мэтанакіраванай дзейнасці грамадства залежыць, наколькі яны будуць далучаны да агульнага жыцця і ці змогуць адчуць сваю паўнавартаснасць.» Такімі словамі распачала сустрэчу, якая адбылася 29 лістапада ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў, яго загадчыца Таццяна Мар’янаўна Клімза.
Дырэктар ТЦСАН Шаркаўшчынскага раёна Святлана Мечыславаўна Савейка выступіла з расказам пра дзейнасць цэнтра і, у прыватнасці, аддзялення, пажадала прысутным здароўя, добрага настрою і аптымізму. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Аляксандраўна Малюгіна заклікала звяртацца пры неабходнасці па дапамогу.

Старшыня раённай арганізацыі «БелТІЗ» Надзея Іванова расказала, што ў раёне пражываюць 77 інвалідаў па зроку, з іх 29 з’яўляюцца членамі «БелТІЗ». Асноўныя накірункі дзейнасці раённай арганізацыі наступныя: наведванне інвалідаў па зроку дома з мэтай выяўлення іх праблем і аказання сацыяльнай дапамогі, забеспячэнне сродкамі рэабілітацыі, прыцягненне да ўдзелу ў культурна масавых мерапрыемствах, распаўсюджванне інфармацыі пра дзейнасць арганізацыі.
Прысутнічаў на сустрэчы старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускае

таварыства інвалідаў па зроку» Канстанцін Канстанцінавіч Ламчаноўскі. Ён падрабязна і цікава расказаў пра дзейнасць Віцебскага «БелТІЗ», галоўнай думкай яго выступлення стала тое, што ў людзей з абмежаванымі магчымасцямі не павінна быць абмежаванняў у грамадстве. Трэба, каб у іх была магчымасць праявіць сябе ў працы, спорце, творчасці.
Адзін з прысутных спытаў пра надомную працу.
— Надомная праца ўжо арганізавана ў некаторых раёнах: у Дуброўне, Талочыне, — адказаў Канстанцін Канстанцінавіч. — Сумесна з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама плануем, што ў кожным раёне прадпрыемствы будуць прадастаўляць работу тым інвалідам, хто выявіць жаданне. Максімальная колькасць — 10 чалавек. Прызначаны брыгадзір будзе размяркоўваць заданні. Не магу дакладна сказаць, калі гэта ажыццявіцца ў вас. Але факт, што работа ў гэтым накірунку вядзецца.
Сацыяльны педагог Віцебскай арганізацыі «БелТІЗ» Анатолій Кірыковіч падараваў прысутным некалькі прыгожых песень і рамансаў пад гітару. Можа са зрокам у Анатолія праблемы, затое прырода падаравала яму надзвычай прыгожы голас і абаяльнасць. Захопленыя яго голасам, гледачы папрасілі выканаць яшчэ некалькі песень, на што ён ахвотна згадзіўся.
Свой сюрпрыз падрыхтавалі і гаспадары аддзялення, яны запрасілі выступіць тэатр эстраднай песні «Маленькая фея» пад кіраўніцтвам Веры Мяфодзьеўны Шуман. За вясёлае, яркае выступленне гледачы дзякавалі маленькім артысткам шчодрымі апладысментамі.
Такім чынам, сустрэча атрымалася змястоўнай, цікавай і запамінальнай. Напрыканцы для наведвальнікаў аддзялення быў арганізаваны салодкі стол, прадукты для якога прадаставіў старшыня райспажыўтаварыства Аляксандр Дзіслававіч Далецкі. За што работнікі аддзялення выказваюць яму падзяку, а таксама дзякуюць раённаму «Фонду міра» і аддзяленню грамадскага аб’яднання “Белая Русь” за аказаную да Дня інвалідаў спонсарскую дапамогу.
Андрэй БУРЭЦ
