Не перастае прыемна здзіўляць сваёй ініцыятыўнасцю Мікалай ЛЫСЁНАК з ААТ “Буеўшчына”. Яшчэ ў маладосці, калі ўзначальваў пярвічную камсамольскую арганізацыю мясцовай гаспадаркі, ніколі не пасіўнічаў, а ўносімыя ім прапановы заўсёды мелі мэтанакіраваны характар, спрыялі актывізацыі маладзёжнага руху на шаркаўчынскай зямлі.
І сёння, калі жыццё адмерыла не так мала гадоў, не можа Мікалай Міхайлавіч абмяжоўвацца толькі выкананнем сваіх асноўных непасрэдных абавязкаў — працуе на школьным аўтобусе, падвозіць дзетак на заняткі і дамоў, пры неабходнасці аказвае пасільную дапамогу дырэкцыі мясцовай гаспадаркі.
Тым не менш, камсамольская загартоўка засталася ў сэрцы гэтага энергічнага і абаяльнага чалавека, які па-ранейшаму можа арганізаваць вакол сябе людзей рознага ўзросту. Любімае яго захапленне на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у вольны час — шашкі. Вучыць гэтай старажытнай гульні іншых, вучыцца сам. Сустрэчы за шашачнай дошкай не патрабуюць вялікіх фінансавых затрат, а вось задавальненне ад атрыманай перамогі ўлівае ў арганізм дадатковую дозу адрэналіну, а паражэнне прымушае задумацца і зрабіць адпаведныя вывады аб сваёй спартыўнай падрыхтоўцы.
20-га лістапада Мікалай Міхайлавіч арганізаваў розыгрыш кубка ААТ “Буеўшчына” па шашках, прысвечаны Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. У турніры “скрестили шпаги” 10 прыхільнікаў гэтай сапраўды народнай гульні.
Хто перамог? Прачытайце яшчэ раз загаловак і зразумееце, што Мікалай на гэты раз вельмі рашуча настроіўся і ўвесь турнір, а гэта 9 сустрэч, правёў з яўнай нацэленасцю на перамогу. І заслужана яе атрымаў, бо выйграў 8 сустрэч і толькі адзін раз згуляў унічыю з Аляксандрам Лагунёнкам. Паспяхова выступіў і Дзям’ян Зямец, пастаянны ўдзельнік спаборніцтваў. Ён заняў другое месца. На трэцім — Генадзь Траба.
З мэтай заахвочвання шашыстаў прафсаюзная арганізацыя ААТ “Буеўшчына” выдзеліла 100 тысяч рублёў. Пераможцу ўручаны кубак і грамата за першае месца. Прызёры таксама ўзнагароджаны граматамі.
Эдуард КОРСАК
