Выбар будучай прафесіі — адказны момант у жыцці кожнага маладога чалавека, і школа імкнецца дапамагчы старшакласнікам прыняць правільнае рашэнне, выбраць тую спецыяльнасць, якая будзе задавальняць і маральна, і матэрыяльна, адпавядаць здольнасцям і адначасова будзе запатрабаванай на рынку працы.
На тэрыторыі нашага раёна, у цяперашні час, вельмі патрэбны спецыялісты сельскагаспадарчага профілю: у асноўным гэта аграномы, заатэхнікі, ветурачы, трактарысты-машыністы і вадзіцелі.
У другой палове лістапада ў многія школы нашага рэгіёна на сустрэчу з вучнямі завіталі прадстаўнікі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага і Лужаснянскага аграрнага каледжаў. Старшакласнікі атрымалі падрабязную інфармацыю пра дзейнасць гэтых навучальных устаноў, пазнаёміліся з правіламі прыёму на розныя спецыяльнасці, пачулі адказы на хвалюючыя пытанні, паглядзелі фільм.
Так, напрыклад, у Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны абітурыенты ў якасці будучай прафесіі могуць выбраць адну з чатырох спецыяльнасцей: ветэрынарны ўрач, ветэрынарна-санітарны эксперт, зоаінжынер (ці біятэхнолаг) і правізар. А ў студэнтаў 4—5 курсаў пры жаданні ёсць магчымасць акрамя асноўнай набыць яшчэ і спецыяльнасць “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”. Лужаснянскі аграрны каледж з’яўляецца структурным падраздзяленнем Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Гэта навучальная установа ажыццяўляе падрыхтоўку будучых ветурачоў, заатэхнікаў, аграномаў. Акрамя асноўнай спецыяльнасці выпускнікі каледжа атрымліваюць дадатковыя прафесіі: аператар па штучнаму асемяненню сельскагаспадарчых жывёл, аператар машыннага даення, пры жаданні і добрай паспяховасці ёсць магчымасць атрымаць пасведчанне трактарыста-машыніста катэгорыі “А”, ці вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі “В”. Выпускнікі каледжа могуць быць залічаны на скарочаную форму навучання ў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і Гродзенскі дзяржаўны аграрны універсітэт.
Навучэнцы Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа пасля заканчэння вучобы будуць працаваць трактарыстамі-машыністамі катэгорый ABCD, трактарыстамі-машыністамі катэгорыі F, вадзіцелямі аўтамабіля катэгорыі С, электразваршчыкамі ручной зваркі 2—3 разрадаў, слесарамі па рамонту сельскагаспадарчых машын і абсталявання 2—3 разрадаў, леснікамі, цеслярамі і мулярамі 2 разраду. Для навучэнцаў з прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкай створана новая спецыяльнасць — тэхнік-механік, пасля заканчэння якой спецыялісты атрымліваюць сярэднеспецыяльную адукацыю.
У школах раёна таксама адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага універсітэта, Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага і Пастаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжаў. БАТУ, напрыклад, прапануе юнакам і дзяўчатам у якасці будучай спецыяльнасці абраць для сябе адну з наступных: тэхнічнае або энергетычнае забеспячэнне сельгасвытворчасці (аграмеханічны і аграэнергетычны факультэты), кіраванне аховы працы ў сельскай гаспадарцы (інжынерна-тэхналагічны факультэт).
Вучобу па спецыялізацыі эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў, а таксама бухгалтарскі улік, аналіз і аудыт прапануе сваім навучэнцам Пастаўскі каледж. А падрыхтоўку спецыялістаў у сферы тэхнічнага, матэрыяльна-тэхнічнага і энергетычнага забеспячэння сельгасвытворчасці з атрыманнем сярэднеспецыяльнай адукацыі забяспечвае Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж.
Мерапрыемствы па прафарыентацыі прайшлі ў большасці школ нашага раёна. Як паведаміла галоўны спецыяліст па кадрах упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама А. А. Каленцьева, работа ў дадзеным накірунку працягнецца. Сустрэчы з прадстаўнікамі вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў Беларусі будуць праводзіцца і надалей. У гэтым зацікаўлены старшакласнікі, якія ў дасціпнай, зразумелай форме атрымліваюць усю неабходную інфармацыю пра дзейнасць многіх навучальных устаноў. У выйгрышы і ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама, якое ўжо сёння імкнецца забяспечыць раён высокакваліфікаванымі кадрамі на будучыню. Добрыя спецыялісты патрэбны ў любой сферы, вельмі неабходныя яны і сельскагаспадарчай вытворчасці. Як паказвае практыка, лепшы кадравы патэнцыял — гэта мясцовыя юнакі і дзяўчаты, тая моладзь, якая нарадзілася і вырасла на нашай шаркаўшчынскай зямлі.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ
