
Сёлетні год выдаўся вельмі ўраджайным на садавіну. Паўсюдна ў населеных пунктах можна заўважыць галіны яблынь і груш, якія ад цяжару налітых пладоў гнуцца ажно да зямлі.
На радзіме садавода Івана Сікоры ў Алашках сады вяскоўцаў таксама патанаюць у паспелых яблыках. Нават самыя старыя ўчасткі пладовага саду каля музея, яблыні на якіх высаджваліся ажно ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, далі сёлета нядрэнны ўраджай. Работнікі ўстановы культуры ў дадзены момант спяшаюцца скарыстаць магчымасць і своечасова зняць з галін яблыкі. А рэалізуюць іх часткова ў магазін вёскі Жукоўшчына, адкуль сакавітыя плады перавозяць на Шаркаўшчынскі кансервавы завод для наступнай перапрацоўкі.
— Канечне, большасць яблыкаў зімовых сартоў будуць знятыя на захоўванне, — кажа нам супрацоўнік музея Уладзімір Януш. — Для такіх мэт у нас ёсць прыстасаванае памяшканне. Выдатныя смакавыя якасці сікораўскіх гібрыдаў і іншых сартоў айчыннай селекцыі з’яўляюцца выдатным дапаўненнем да абедзеннага стала ў зімовы і вясновы перыяды, калі арганізму асабліва патрабуюцца вітаміны.
Сяргей РАЙЧОНАК.
