
Не памылюся, калі скажу, што ў кожнай вёсцы ў жыхароў захавалася яшчэ ў куфэрках штосьці самабытнае альбо, яшчэ лепш, самі людзі ўмеюць ствараць нешта падобнае, што рабілі іх продкі. А гэта ўменне шыць і вышываць ручнікі і макаткі, вязанне адзення і сурвэтак, ткацтва ручнікоў і посцілак, каванне, пляценне з лазы і саломы, стварэнне вырабаў з гліны, гатаванне народных страў і ўменне спяваць старадаўнія песні. Каб нічога гэтага не знікла, не згубілася, а ў аўтэнтычным выглядзе перайшло ў спадчыну, вучні школ, работнікі культуры займаюцца іх зборам. Скажам, сельскія кульработнікі ходзяць па хатах, людзі ахвотна аддаюць, як ім здаецца, непатрэбныя для іх рэчы, якія засталіся ад продкаў. Бо ведаюць, што чым пыліцца ім на гарышчы, няхай людзі паглядзяць на іх у музеях і на выставах. Гэта прылады працы, якімі карысталіся раней, і вырабы, зробленыя іх таленавітымі рукамі.
Трэба сказаць, што здольных людзей у раёне шмат. Майстрыцы па вязанню шэдэлкам і пруткамі аб’ядналіся ў гурток пры раённай бібліятэцы і ствараюць розныя вырабы, але ўжо на сучасны стыль. Шмат рукадзельніц, якія займаюцца народнай творчасцю самастойна, а потым робяць агульныя выставы. Так Эла Пятроўна Ан вышывае карціны з выдзяленнем свайго нацыянальнага карэйскага каларыту. Разам з майстрыцай па аплікацыі з саломкі Алай Нікіфараўнай Леднік яны арганізавалі выставу сваіх тварэнняў у раённай бібліятэцы.
Таленавітая сям’я Рымдзёнкаў — Анна тчэ на кроснах і пляце паясы,

Сяргей — народны ганчар. Ткацтвам займаецца Анна Загорская з Германавіч. Багдан Шокель з Верацей пляце цудоўныя кошыкі з лазы, Ірына Груніна стварае крыжыкам і рознакаляровымі ніткамі вышыўкі, Вольга Беласлудцава распісвае тканіну — у яе ўмелых руках атрымліваюцца габелены, інсінтны мастак Генадзь Невярковіч з Германавіч, бондар і сталяр Валянцін Пяцько з Грыгараўшчыны. Усе яны выдаюць свае тварэнні ў адзіных экзэмплярах: зробленыя з вялікім натхненнем і захапленнем, вельмі прыгожыя яны могуць скласці канкурэнцыю фабрычным таварам.
Безумоўна, большасць з гэтых таленавітых людзей працуюць на прафесійнай аснове ў раённым цэнтры рамёстваў. А значыць, выстаўляюць свае вырабы на рэспубліканскіх, абласных і раённых выставах, арганізоўваюць бяспройгрышныя латарэі. Кустары часта прадаюць свой тавар на рынках. Вопыт правядзення майстар-класаў ганчаром Сяргеем Рымдзёнкам на “Славянскім базары ў Віцебску” паказаў, што нашы рамёствы запатрабаваныя не толькі ў сваёй краіне. Іх ахвотна раскуплялі замежныя госці. Бо мы маем самабытныя віды народных промыслаў, якія не распаўсюджаны ў іншых краінах. Таму трэба рабіць усё, каб народныя рамёствы сталі самабытным сувенірным турыстачным прадуктам.
Трэба сказаць, што нацыянальная культура, народнае мастацтва, народныя рамёствы і промыслы ў кожнага не толькі народа, але і раёна свае. І ў кожнай мясцовасці адметныя. Іх трэба абавязкова захоўваць.
А дзе нам паглядзець наш нацыянальны брэнд? Сёння мы бачым уздым цікаўнасці да народнай культуры з боку моладзі. І гэта вельмі прыемна. Раней саромеліся народнай культуры, як нечага ўчарашняга, вясковага і непатрэбнага. І кантынгент, які напаўняе дом рамёстваў — гэта мясцовая моладзь, значыць будуць жыць традыцыі. І майстэрства вырабу таго ці іншага віду мастацкіх твораў у народных мастацкіх промыслах будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне.
Кацярына СОСНА
