
«Рабіць усе магчымыя захады для вырашэння праблем» — такой думкі прытрымліваецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Сяргей Рычардавіч Зямчонак. 28 снежня парламентарый правёў “прамую тэлефонную лінію” з насельніцтвам нашага раёна і асабісты прыём грамадзян у Шаркаўшчынскім райвыканкаме.
Тэлефонны званок паступіў ад жыхара вёскі Баравое Лужкаўскага сельскага Савета Міледзія Антонавіча Андзілеўкі. Мужчына ад імя аўтаўладальнікаў навакольных вёсак сельсавета падняў пытанне магчымага размяшчэння ў аграгарадку стацыянарнай або перасоўнай аўтазаправачнай станцыі. Праблема з АЗС у дадзеным населеным пункце існуе ўжо не першы год. Для тых, хто мае ўласны аўтамабіль, вельмі нязручна накіроўвацца на аўтазаправачныя станцыі, якія размешчаны на адлегласці 30 кіламетраў. А гэта Шаркаўшчына, Глыбокае, Дзісна і Празарокі. Сяргей Рычардавіч абяцаў дэтальна вывучыць дадзеную праблему.
На асабісты прыём да дэпутата прыйшоў жыхар гарадскога пасёлка Серафім Мікалаевіч Табола. Сын пажылога чалавека Мікалай стаў ахвярай нядобранадзейнага прадаўца легкавога аўтамабіля. Справа ў тым, што сям’я некалькі год збірала грошы, каб набыць машыну. У рэшце рэшт пакупку яны ажыццявілі. Як і патрабуе таго заканадаўства, пры набыцці аформілі ўсе патрэбныя дакументы куплі-продажу і зарэгістравалі аўтамабіль. Праз некаторы час у іх дом наведаліся прадстаўнікі аднаго з банкаў разам з судовымі выканаўцамі. Як высветлілася, былы ўладальнік аўто браў пэўныя сумы банкаўскіх крэдытаў, а ў якасці закладу ўнёс менавіта гэты аўтамабіль. Як сказаў сам Серафім Мікалаевіч, цяпер на некаторую маёмасць былога гаспадара “легкавіка” накладзены арышт з-за несвоечасовага пагашэння крэдытных займаў. Таму спецыялісты банка і адабралі ў шаркаўчаніна набыты ім аўтамабіль. Справа гэта, па словах Сяргея Рычардавіча, патрабуе юрыдычнага вывучэння. Парламентарый папрасіў прадаставіць яму копіі ўсіх дакументаў куплі-продажу для вывучэння і прыняцця ўсіх неабходных захадаў, каб дапамагчы сям’і Серафіма Мікалаевіча.
— Асноўная справа дэпутата заключаецца не проста ў фармальным прыёме грамадзян па тых або іншых пытаннях, — сказаў Сяргей Рычардавіч, — галоўнае тут — зразумець сутнасць агучанай чалавекам праблемы і знайсці ўсе магчымыя спосабы і сродкі яе законнага вырашэння.
Сяргей РАЙЧОНАК
