Навагодняе бліц-апытанне

Актуальное

e10Завяршаецца 2016 год. Карэспандэнт нашай газеты пацікавіўся ў жыхароў раёна, якім для іх быў мінулы год і чаго яны чакаюць ад сёлетняга, які толькі-толькі пачынаецца.

Дзмітрый Крыўка, вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13 аг. Лужкі:

— У мінулым годзе я дэмабілізаваўся з арміі. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў у якасці вадзіцеля аўтамабіля. Так паспяхова склаліся абставіны, што напрыканцы 2016 года мне пашчасціла працаўладкавацца на пажарны аварыйна-выратавальны пост №13 у нашым аграгарадку ў якасці вадзіцеля аўтамабіля. Спадзяюся, што і 2017 год стане паспяховым для мяне ў прафесійным плане. Галоўным для сябе лічу, каб у жыцці маіх родных і блізкіх людзей таксама ўсё складвалася належным чынам.

Віталій Лялека, пенсіянер г.п. Шаркаўшчына:

— Снежань мінулага года ашчаслівіў нашу вялікую сям’ю. У першы дзень зімы нарадзіўся мой першы праўнук Арцём. Летам сёлетняга года заканчвае вучобу ў Інстытуце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта ўнучка Анастасія. Жадаю ад шчырага сэрца, каб яна абрала правільную жыццёвую дарогу. Тым больш, што пасля атрымання дыплома Насця выходзіць замуж. Няхай 2017 год стане для яе і для яе абранніка шчаслівым і непаўторным!

Аляксандр Гернат, намеснік дырэктара ААТ “Буеўшчына”:

— Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, наша гаспадарка амаль разлічылася з даўгамі перад дзяржавай. Паступова сельгаспрадпрыемства мацнее ў фінансавым плане, што дазваляе своечасова выплочваць заработную плату. Сёлета пасля адступлення халадоў за ўласныя сродкі прыступім да далейшага будаўніцтва новай фермы ў вёсцы Лонскія. Працаўнікам ААТ “Буеўшчына” жадаю ў новым годзе, канечне, трывалага здароўя, сямейнага дабрабыту, згоды і міру!

Вольга Брэская, прадавец прыватнай крамы:

— Мінулы год асабіста для мяне як шаркаўчанкіывала за тых людзей, жыллё і пабудовы якіх былі разбураны моцнай віхурай, што пранеслася над гарадскім пасёлкам 11 ліпеня. Спадзяюся, што ў 2017 годзе надвор’е будзе нас радаваць пагоднымі днямі, а ласкавае сонца ярчэй свяціць на небасхіле.

Ірына Хаданёнак, загадчыца Зоркаўскага сельскага клуба:

— 2016 у нашай краіне прайшоў пад знакам Года культуры. Для мяне як работніка дадзенай сферы ён быў насычаным на разнастайныя культурна-масавыя мерапрыемствы не толькі ў населеных пунктах зоны нашага абслугоўвання. Калектывы мастацкай самадзейнасці прынялі ўдзел у другім абласным свяце “Яблычны фэст”. Наогул, у мінулым годзе моладзь больш актыўна стала наведваць мерапрыемствы ў клубе і ўдзельнічаць у шматлікіх канцэртах, святах, пастаноўках. Гэтаму спрыяе наша цеснае супрацоўніцтва з кіраўніцтвам гаспадаркі і мясцовай школай. Спадзяюся, што гэта сяброўства і ўзаемадапамога прадоўжацца і ў 2017 годзе.

Апытанне правёў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *