За апошні час “Беларусбанк”, які дзейнічае ў нашым раёне, неаднаразова закранаў працэс рэарганізацыі. Зараз гэта — цэнтр банкаўскіх паслуг № 224 філіяла № 216 ААТ “ААБ Беларусбанк” г. Полацк. Значнае месца ў дзейнасці ўстановы займае разлікова-касавае абслугоўванне юрыдычных асоб. Банк звязвае цеснае супрацоўніцтва з многімі прадпрыемствамі і арганізацыямі бюджэтнай сферы раёна, а таксама індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Аднак, па-ранейшаму, асноўнымі кліентамі, застаюцца жыхары раёна. Ім прадастаўляюцца самыя розныя, запатрабаваныя часам, паслугі. Абслугоўванне сельскага насельніцтва ажыццяўляюць 5 аддзяленняў у аграгарадках Лужкі, Германавічы, Радзюкі, Іёды, Більдзюгі. Вяскоўцам прапаноўваецца максімальна магчымы спектр паслуг. Для зручнасці жыхароў райцэнтра, ва ўніверсаме “Журавінка”, што ў раёне меліяратараў, працуе яшчэ адно аддзяленне з поўным пералікам паслуг, якія можна атрымаць і ў выхадныя дні.
У калектыве працуюць 49 чалавек, значная частка з іх — моладзь ва ўзросце да 31 года. Як адзначае дырэктар цэнтра Г. І. БОНДАР, яго аснову складаюць добрасумленныя і адказныя людзі. Менавіта іх уменне, вопыт і штодзённая праца дазваляюць забяспечваць належную дзейнасць на кожным участку работы, якаснае абслугоўванне кліентаў, выкананне пастаўленых задач і паказчыкаў.
З самага лепшага боку адзначае адміністрацыя цэнтра спецыялістаў, якіх вы бачыце на здымку. Аб тым, што гэта менавіта так, яскрава гаворыць наступны факт. Штогод у сістэме “Беларусбанка” краіны праходзіць конкурс “Лепшы банкаўскі работнік ААТ “ААБ Беларусбанк”. На першым этапе вызначаюцца пераможцы на ўзроўні абласнога ўпраўлення, а на другім — на рэспубліканскім. Па выніках першага этапа конкурсу пераможцамі прызнаны пяць супрацоўнікаў нашага цэнтра банкаўскіх паслуг. Гэта спецыяліст першай катэгорыі службы касавай работы Святлана Уладзіміраўна Жук, спецыяліст першай катэгорыі аддзела рознічнага бізнэсу Вольга Аляксандраўна Куневіч, вядучы спецыяліст службы аўтаматызацыі Андрэй Міхайлавіч Ласоўскі, спецыяліст па аказанню рознічных банкаўскіх паслуг аперацыйнага аддзела Святлана Іосіфаўна Шымуковіч і вядучы спецыяліст сектара крэдытавання насельніцтва Людміла Мікалаеўна Сямашка. Яны будуць працягваць удзел у рэспубліканскім этапе конкурсу за званне лепшага работніка сістэмы “ААБ Беларусбанк”.
У гэтым годзе прафесійнае свята банкаўскіх і фінансавых работнікаў фактычна супала з Новым годам. Таму можна сказаць, што яны адначасова адзначаюць два святы. Няхай жа поспехі ў прафесійнай дзейнасці, шчасце і лад у асабістым жыцці заўсёды застаюцца іх нязменнымі і пастаяннымі спадарожнікамі, а Новы год прынясе ўдачу ва ўсіх справах.
Людміла ЛАТЫШОНАК.
Фота Андрэя БУРЦА.
