29 снежня вясёлыя казачныя персанажы запрасілі маленькіх жыхароў раёна на дабрачынную навагоднюю ёлку, якая па традыцыі адбылася ў раённым Доме культуры. Сустрэча з Дзедам Марозам і Снягурачкай, нечаканыя сюрпрызы і прыемныя падарункі чакалі малышоў, якія разам са сваімі бацькамі (у тым ліку і прыёмнымі), выхавальнікамі і педагогамі завіталі на свята. Клопатам і ўвагай у гэты дзень былі атулены дзеці-сіроты, інваліды, выхаванцы сацыяльнага прытулка і ўсе тыя, хто па волі лёсу застаўся без бацькоўскай апекі. Такіх хлопчыкаў і дзяўчынак у нашым раёне 85 чалавек. Жыццё не заўсёды ўсміхалася гэтым дзецям, і арганізатары мерапрыемства, а гэта аддзелы адукацыі і культуры райвыканкама, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пастараліся зрабіць усё ад іх залежнае, каб сёлетняя сустрэча ля прыгажуні-ёлкі пакінула ў душы кожнага малыша добры след. Нездарма ж Новы год называюць любімым дзіцячым святам!
