«Віцебская лыжня-2017”, якая прайшла ў мінулую суботу ў Гарадку, пачалася з парада больш тысячы яе ўдзельнікаў – кіраўнікоў аблвыканкама, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў горада Віцебска, навучэнцаў устаноў адукацыі, прадстаўнікоў працоўных калектываў Віцебшчыны.
Не засталася ў баку ад маштабнага спартыўнага свята і каманда Шаркаўшчынскага раёна, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама
Мікалай Ірынархавіч Баговіч. У склад нашай зборнай таксама ўвайшлі першы намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму Мікалай Мікалаевіч Рубацкі, начальнік аддзела пенсій і грашовых дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Багуславаўна Аляхновіч. У якасці запасных у складзе каманды выступілі начальнік землеупарадкавальнай службы Андрэй Пятровіч Шынкевіч і галоўны спецыяліст — галоўны бухгалтар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Арсаноф’еўна Седзюкевіч. У індывідуальных лыжных гонках на дыстанцыі 1, 5 кіламетры шаркаўшчынскі край прадстаўлялі дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Аляксей Алегавіч Курачонак і інструктар-метадыст фізкультурна-спартыўнага клуба Шаркаўшчына Анна Леанідаўна Заблоцкая.
— Нашы землякі дастойна прадставілі свой рэгіён на “Віцебскай лыжні – 2017”,- паведаміла прадстаўнік каманды, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Анатольеўна Арэшкава. Сярод зборных раённых выканаўчых камітэтаў Віцебскай вобласці ў шаркаўчан 8 месца з 19 прадстаўленых каманд, 4-е месца сярод каманд у сваім забегу. Пры гэтым для дзяржслужачых, якія, безумоўна, не з’яўляюцца прафесіянальнымі спартсменамі, траса была дастаткова складанай. І ўсё ж нялёгкі пад’ём на гару амаль напачатку праходжання трасы і неспрыяльныя ўмовы надвор’я не перашкодзілі шаркаўчанам паспяхова прайсці сваю дыстанцыю і прадэманстраваць добры вынік. Гэтаму садзейнічала папярэдняя належная падрыхтоўка каманды да ўдзелу ў лыжнай эстафеце. Вялікую работу ў гэтым напрамку правёў дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Аляксей Курачонак.
Падчас правядзення лыжнай гонкі ва ўрочышчы Вараб’ёвы Горы, дзе праходзіла зімовае абласное свята, яблыку недзе было ўпасці. Звыш тысячы аматараў лыжнага спорту выказалі жаданне прыняць удзел у камандных і індывідуальных забегах на 800 метраў, сваіх прадстаўнікоў у Гарадок прыслалі ўсе рэгіёны вобласці. Не ўпусціў магчымасці пакатацца на адной з лепшых трас Беларусі і старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, які двойчы ўзыходзіў на п’едэстал пераможцаў: у складзе каманды лыжнікаў, якая стала лідарам забегу, з удзелам кіраўнікоў вобласці, абласнога цэнтра і гарадоў абласнога падпарадкавання, і як уладальнік 2 месца пры падняцці гіры вагой 32 кілаграмы.
Сярод зборных райвыканкамаў Віцебскай вобласці перамогу заваявалі гаспадары зімовага спартыўнага свята – каманда з Гарадка. Дадому ўсе вярталіся з добрым настроем і масай станоўчых эмоцый. Як адзначыў падчас свайго выступлення старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М. М. Шарстнёў, дзяржслужачыя ўласным прыкладам дэманструюць здаровы лад жыцця, бо неабходна засцерагчы нашых дзяцей ад наркотыкаў, спайсаў, адарваць іх ад тэлевізара і камп’ютара. Спорт — гэта лепшае лякарства ад усіх шкодных звычак. А агульная перамога ўсіх удзельнікаў “Віцебскай лыжні” – у здароўі падрастаючага пакалення.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



















