Шаркаўшчына для Генадзія Дарафеевіча Гарбузава стала другой радзімай, але заўсёды ён бачыць у снах азёрны блакіт Ушаччыны.

Актуальное

Ганна Несцераўна і Генадзій Дарафеевіч Гарбузавы
Ганна Несцераўна і Генадзій Дарафеевіч Гарбузавы

Жыхарам старэйшага пакалення Шаркаўшчыны добра вядома імя Генадзія Дарафеевіча Гарбузава. Гэты чалавек усё сваё сумленнае жыццё цалкам прысвяціў нашаму раёну, працаваў на адказных пасадах, разам з іншымі шчыраваў, каб прыгажэў і квітнеў гарадскі пасёлак над Дзісной.

Нарадзіўся Генадзій Дарафеевіч на беразе маляўнічага возера на Ушаччыне. Тая мясціна, дзе ён з’явіўся на свет, нават не мела назвы. Гэта была машынна-трактарная станцыя, на ўскрайку якой стаялі два жылыя дамы для сем’яў работнікаў МТС. Перад Вялікай Айчыннай вайной тата Генадзія Дарафеевіча закончыў Ленінградскі сельгастэхнікум і атрымаў спецыяльнасць механіка. Партыйнае кіраўніцтва даручыла яму і яшчэ двум спецыялістам стварыць ва Ушачах адну з першых машынна-трактарных станцый. З нападам гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз тату забралі на фронт. Чатырохгадоваму Генадзію спаўна давялося паспытаць на сваіх маленькіх дзіцячых плячах усю горыч і цяжар жыцця на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі. З гісторыі вядома, што менавіта паблізу Ушачаў партызанскія злучэнні Полацка-Лепельскай зоны пасля працяглых і жорсткіх баёў з фашысцкімі карнікамі ў маі 1944 года здзейснілі легендарны прарыў варожай блакады. Народных мсціўцаў было крыху больш сямнаццаці тысяч супраць шасцідзесяці тысяч добраўзброеных гітлераўцаў. Гэтыя падзеі на ўсё жыццё заталіся ў памяці і сэрцы Генадзія Дарафеевіча.

Пасля вайны Генадзій скончыў Ушацкую сярэднюю школу і вырашыў паступаць у Горацкую сельгасакадэмію, але, на жаль, хлопцу не пашанцавала стаць студэнтам. Таму, атрымаўшы спецыяльнасць токара, Генадзій разам з бацькам некаторы час працаваў ва Ушацкай МТС. Яго бацькоў праз некаторы час перавялі на працу ў Чашнікі. Там юнак на машынна-трактарнай станцыі займаўся рэгуліроўкай паліўной апаратуры. Цяга да вучобы ў Генадзія была вельмі вялікай і ён усё ж паступае ў ВНУ, якую паспяхова заканчвае і, атрымаўшы размеркаванне, прыязджае на сваё першае месца працы ў Шаркаўшчынскую райсельгастэхніку. Было гэта ў 1963 годзе.

Генадзій к гэтаму часу ўжо меў сям’ю. Яго друга палова, жонка Ганна Несцераўна, працаўладкавалася зубным урачом, а праз год з’явілася на свет іх дачка Маргарыта. Малады, патрабавальны і вельмі граматны спецыяліст Генадзій Дарафеевіч толькі год папрацаваў на пасадзе інжынера-механіка райсельгастэхнікі. Яго прафесійныя здольнасці заўважылі ў райкаме КПБ і прапанавалі пасаду галоўнага інжынера. А яшчэ праз год ён узначаліў дадзеную арганізацыю. Праз некаторы тэрмін Генадзій Дарафеевіч стаў намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення капітальнага будаўніцтва.

— Мне асабліва запомніўся той час, калі пасля 1966 года аднавіўся Шаркаўшчынскі раён, кажа суразмоўца. — У гарадскім пасёлку сталі ўзнікаць шматлікія арганізацыі і прадпрыемствы, імклівымі тэмпамі ішло будаўніцтва дарог, жылля, вытворчых аб’ектаў у самой Шаркаўшчыне і ў раёне. У той час мне вельмі пашанцавала працаваць з такімі кіраўнікамі як першы сакратар райкама КПБ Анатолій Георгіевіч Шманцар і старшыня райвыканкама Мікалай Андрэевіч Таратута. Яны хоць і займалі высокія пасады, але заўсёды выслухоўвалі пункт погяду таго або іншага чалавека ў вырашэнні пытанняў і задач. Гэта, безумоўна, і надавала ім аўтарытэт сярод насельніцтва раёна. Сапраўдныя гаспадары ў той час узначальвалі і сельгаспрадпрыемствы — Іван Мікалаевіч Гудоўскі, Аляксандр Лук’янавіч Танканог, Пётр Аляксеевіч Балай, Уладзімір Усцінавіч Зянок, Аляксандр Аляксандравіч Баговіч, Сцяпан Іосіфавіч Пармон. Заўсёды ў працы дапамагалі тэхнікай і рабочай сілай арганізацыі ПМК-51 і ДБУ-26, якія ўзначальвалі Эдмунд Антонавіч Альсевіч і Мікалай Васільевіч Косар. Менавіта дзякуючы такім кіраўнікам рос і развіваўся наш раён дзеля дабрабыту кожнага яго жыхара.

У канцы лютага Генадзій Дарафеевіч адзначыў сваё 80-годдзе. З гэтай нагоды павіншаваць паважанага ў раёне чалавека прыйшлі намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі і старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава. Прадстаўнікі раённай улады ўручылі юбіляру Падзяку старшыні райвыканкама, пажадалі трывалага здароўя, дабрабыту і даўгалецця.

Ю. А. Васілеўскі ўручае Падзяку старшыні райвыканкама юбіляру Г. Д. Гарбузаву.
Ю. А. Васілеўскі ўручае Падзяку старшыні райвыканкама юбіляру Г. Д. Гарбузаву.

— Здароўе, канечне, спатрэбіцца, — вымавіў Генадзій Дарафеевіч, — бо неўзабаве трэба будзе пачынаць высаджваць гародніну, дапамагаць жонцы даглядаць кветнікі, каб як і кожны год сядзіба наша вабіла вока прахожых.

Я вельмі ўдзячны лёсу за пражытыя гады, за тое, што аднойчы напаткаў сваю другую палову Ганну Несцераўну, з якой крочу па жыцці ўжо больш пяцідзесяці год, за сваіх дачку Маргарыту і ўнука Андрэя. Але апошнім часам мне ўсё часцей і часцей сніцца азёрны блакіт і веліч ушацкіх соснаў, дзе нарадзілі мяне бацькі і вывелі на шырокую дарогу жыцця.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *