Чарговая сустрэча ў літаратурна-музычнай гасцёўні «Сустрэчы для душы» адбылася ў адну з нядзель снежня. У другі раз па запрашэнні вядучай Жанны Юркевіч да глыбачан прыехалі іх суседзі — паэты, празаікі, гумарысты народнага літаратурна-музычнага аб’яднання «Світанак» з Шаркаўшчыны, У 2012 годзе яно адзначыць сваё дваццацігоддзе з дня заснавання.
Віктар Лагун ужо вядомы глыбоцкім аматарам літаратуры. Яго ранейшае выступленне добра запомнілася яскравым гумарам, жыццёвай тэматыкай твораў, неверагоднай здольнасцю чытаць на памяць сотні сваіх вершаў і паэм. Інжынер па спецыяльнасці, Віктар штогод да Дня энергетыка, бо працуе ў гэтай сістэме, рыхтуе самвыдатаўскім шляхам зборнікі вершаў і мае іх ужо дзявятнаццаць. А летась у выдавецтве «Кнігазбор» пабачыў свет яго зборнік «На палатне жыцця». На гэты раз Віктар чытаў аб хвалюючым і набалелым, аб тым, што клапоціць, засмучае, выклікае смех ці горкую іронію.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міледзя Кукуць прызнаўся, што на такой сустрэчы ў Глыбокім прысутнічае ўпершыню. Вясковы хлопец, чалавек ад зямлі, ён прайшоў шлях ад пастушка цялят да старшыні калгаса. Мае за плячыма сельскагаспадарчую акадэмію, пасаду начальніка раённага Дзяржтэхнагляду, пенсійнае пасведчанне і тры выдадзеныя зборнікі. У кнігах «Адзін дзень і ўсё жыццё», «Чысціня душы» — любоў да сваёй малой радзімы, да маці, да жанчыны, з якой раздзяліў жыццёвы лёс. Міледзя прачытаў глыбачанам урывак з паэмы, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны, патрыятычныя і гумарыстычныя творы.
Надзея Паляк, якая з’яўляецца членам аб’яднання «Світанак» ад пачатку, доўгі час працавала медсястрой. Яе вершы друкаваліся ў «Беларускай ніве» і альманаху «Гоман», у абласных і раённых выданнях. Яна — адзін з аўтараў зборніка «Шаркаўшчынскаму краю». Вершы Надзеі з элементамі фальклору, па-жаночы шчырыя, добрыя і пранікнёныя.
Эдвард Вялічка ўзначальвае РВУ «Шаркаўшчынарайгаз». У райцэнтры добра вядомы як гумарыст, аўтар і выканаўца песень. У сваім выступленні ён узняў тэму бацькоў і дзяцей, прачытаў некалькі гумарэсак, творы, якія былі адзначаны на конкурсе, які штогод праводзіцца ў сістэме «Віцебскаблгаза». Напісанага шмат, а таму і не дзіва, што яго хапае на пару гадзін выступлення перад землякамі ў дзень гумару 1 красавіка.
Літаратурныя пасядзелкі на гэты раз зацягнуліся. Прысутныя не адпускалі гасцей і ўзнагароджвалі іх заслужанымі апладысментамі. Шаркаўшчынскія аўтары падарылі глыбачанам работы мясцовых майстроў народнай творчасці і падзякавалі за шчыры прыём. Спадзяёмся, што гэта сустрэча была не апошняй.
Кацярына СОСНА,
кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”
