
Праблема забеспячэння сельгаспрадпрыемстваў высокакваліфікаванымі кадрамі механізатараў, якія могуць паспяхова працаваць і граматна эксплуатаваць сучасную энерганасычаную тэхніку, не здымаецца з парадку дня. Аб гэтым гаварылася на адным з апошніх пасяджэнняў райвыканкама, дзе перад упраўленнем райсельгасхарчу была пастаўлена канкрэтная задача. Як яна вырашаецца на сённяшні дзень? Думаецца, што адказам будзе дадзены матэрыял, падрыхтаваны пасля наведвання дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі дарослых, цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама (раней яна называлася прасцей — вучэбна-курсавы камбінат), які ўзначальвае дырэктар І. І. СТАВІЦКІ.
— Іван Іосіфавіч, нягледзячы на змену шыльды задачы ў вас засталіся

ранейшымі. Вучыць кадры і павышаць іх кваліфікацыю. З чаго вы пачалі 2012 год?
— Заўважана правільна, бо задачы не змяніліся, і мы абавязаны забяспечваць гаспадарчы комплекс раёна высокакваліфікаванымі спецыялістамі. А 2012 год мы пачалі з улікам патрабаванняў райвыканкама. У цеснай сувязі з інжынернай службай райсельгасхарчу ўзяліся за камплектаванне і навучанне дзвюх груп падрыхтоўкі.
У адной з іх навучаюцца тыя, хто не мае катэгорыі “А” (праца на маламагутных трактарах і МТЗ-80, 82). У групе 15 чалавек у асноўным з гаспадарак раёна, заняткі пачаліся ў лістападзе. Тэрмін навучання тут крыху больш за 4 месяцы. За гэты час нашы курсанты атрымаюць неабходныя тэарэтычныя веды згодна з распрацаванай праграмай па ўстройству трактараў, правілах дарожнага руху, тэхніцы бяспекі.
У другой групе, сфарміраванай з механізатараў сельгасарганізацый і райцэнтра, якія маюць катэгорыю “А”, налічваецца 30 чалавек, хаця планавалі набраць у межах 35—36, як было ў папярэднія гады. На працягу трох з лішнім месяцаў яны маюць магчымасць атрымаць катэгорыі “В” (энерганасычаныя трактары), “Д” (самаходныя сельскагаспадарчыя машыны), “F” (экскаватары і спецыялізаваныя пагрузчыкі) у залежнасці ад патрэб накіроўваючых арганізацый.
— А як з наведваемасцю? Ці існуюць праблемы, бо дабірацца ў райцэнтр патрэбна кожны дзень?
— Асноўная колькасць вучыцца з вялікім жаданнем, таму і наведвальнасць адпаведная. Бываюць выпадкі, калі ў гаспадарках узнікаюць даволі складаныя сітуацыі і кіраўнікі не могуць адпусціць механізатара на вучобу. Мы разумеем іх і ідзём насустрач з умовай, што праграмны матэрыял будзе засвоены поўнасцю. Але не сакрэт, што ёсць і выпадкі, калі нашы курсанты адсутнічаюць без уважлівых прычын. Праводзім, разам з накіроўваючым бокам, адпаведную выхаваўчую работу.
— Ці дастаткова дыдактычных матэрыялаў пад даведзеную праграму навучання?
— Безумоўна, заўсёды хочацца мець больш. Тым не менш, у нас, лічу, дастаткова камплектаў плакатаў, вучэбных відэафільмаў, іншых наглядных дапаможнікаў. Для больш цеснай сувязі тэорыі і практыкі выкарыстоўваем тэхніку ААТ “Агратэхсэрвіс”. Тут праблем з кіраўніцтвам сельгасарганізацыі няма.

— Тэарэтычны курс закончаны. Набыты першапачатковыя практычныя навыкі па ваджэнню. Што далей?
— Тут карыстаемся прынцыпам “Тэорыя без практыкі мёртвая”. Толькі трапіўшы ў рэальныя ўмовы будучыя механізатары па-сапраўднаму зразумеюць усю ўскладзеную на іх адказнасць. Накіроўваем у свае арганізацыі для праходжання вытворчай практыкі. На месцах за навічкамі замацоўваюцца вопытныя механізатары, якія на працягу вызначанага часу дапамагаюць спалучыць атрыманыя тэарэтычныя веды з практычнымі дзеяннямі на палетках. А пасля вытворчай практыкі нашы навучэнцы здаюць кваліфікацыйны экзамен з уручэннем адпаведнага пасведчання.
— Значыць, Іван Іосіфавіч, калектывы механізатараў сельгаспрадпыремстваў вясною папоўняцца вашымі выпускнікамі…
— Ведаеце, сваю работу мы арганізоўваем з такім разлікам, каб ужо вясною выпускнікі мелі магчымасць самастойна працаваць на замацаванай тэхніцы і ўносіць пасільны ўклад у выкананне тых задач, якія неабходна вырашаць працоўным калектывам на месцах.
— Дзякую за размову. Спадзяюся, што ўжо ў бліжэйшы час вашы сённяшнія навучэнцы зарэкамендуюць сябе з самага лепшага боку на выкананні розных сельскагаспадарчых работ на палетках гаспадарак раёна.
Гутарыў Эдуард КОРСАК
