Пра стан спраў на ферме Галінова ААТ «Агратэхсэрвіс» даведалася наш карэспандэнт, пабываўшы ў іх на дні жывёлавода

Сельское хозяйство

даглядчыкі фермы Галінова ААТ “Агратэхсэрвіс” В. А. Пятрашка, С. П. Дарашкевіч, М. А. Пука і Р. А. Вярцінская

Дзень жывёлавода ў пятніцу, як і ва ўсіх гаспадарках раёна, праводзіўся і на ферме Галінова ААТ “Агратэхсэрвіс”. Да працаўнікоў прыйшлі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Сяргей Іванавіч Чапроўскі і галоўны эканаміст гаспадаркі Рэгіна Браніславаўна Невярковіч.
Ва ўтульным, цёплым памяшканні чырвонага кутка чакалі іх жывёлаводы разам з загадчыкам фермы Леанідам Іосіфавічам Вярцінскім. Паспелі з раніцы накарміць жывёлу, таму было часу пагутарыць са спецыялістамі гаспадаркі.
Рэгіна Браніславаўна зачытала дадзеныя, якіх дасягнулі работнікі фермы за прайшоўшы год і за мінулы месяц:
“Так, за 2011 год па ферме атрымалі 121 тону валавай прывагі жывёлы на дарошчванні. Гэта на 27 тон больш, чым было ў папярэднім годзе. Сярэднясутачная прывага за год склала 726 грамаў. Новы месяц года завяршылі даглядчыкі з крыху меншымі паказчыкамі. Сярэднясутачная прывага жывёлы за студзень па ферме — 604 грамы, а валавая — 10,5 тоны.
Першынство ў працоўным спаборніцтве трымае Алена Канстанцінаўна Яфімава, на другім месцы — Раіса Анатольеўна Вярцінская і на трэцім — Святлана Пятроўна Дарашкевіч”.
Тут у размову ўключыўся загадчык фермы. Леанід Іосіфавіч патлумачыў, што ў першы месяц года займаліся сартоўкай, перастаноўкай жывёлы, таму не дасягнулі плануемых паказчыкаў. “Усё навярстаем у летні перыяд”, — запэўніў спецыяліст.
Рэгіна Браніславаўна зачытала заданні, якіх павінны дасягнуць жывёлаводы ў наступным месяцы. Усе гэтыя дадзеныя змешчаны на стэндзе, размешчаным на відным месцы ў чырвоным кутку.
Сяргей Іванавіч агітаваў працаўнікоў на падпіску на перыёдыку, у тым ліку і на раённую газету “Кліч Радзімы”.
Працаўнікі выказалі свае набалелыя пытанні. С. І. Чапроўскі ўзяў іх, як кажуць, сабе на карандаш. І паабяцаў звярнуцца ў патрэбныя інстанцыі за іх вырашэннем.
Моцныя маразы выпрабоўваюць жывёлаводаў на трываласць і падрыхтоўку да зімы. Трэба сказаць, што тут загадзя рыхтаваліся да зімовай сцюжы — уцеплены вокны і дзверы, як у жывёлагадоўчым памяшканні, так і ў пакоі адпачынку.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *