Больш трыццаці год сваёй працоўнай дзейнасці прысвяціла рабоце на пошце начальнік Шаркаўшчынскага ўчастка паштовай сувязі Таццяна Шыняўская

Общество

IMG_7795Людзі ў сучасным грамадстве не могуць існаваць без сродкаў сувязі. Кожны з нас карыстаецца стацыянарным або мабільным тэлефонамі, вядзе размовы па скайпе. Здавалася б, што тыя паслугі, якія аказвала і аказвае цяпер пошта, у нейкай ступені застаюцца незапатрабаванымі. Але гэта не так. Па-ранейшаму мноства людзей выпісваюць сабе перыядычныя выданні, шлюць сябрам, знаёмым пісьмы, паштоўкі, бандэролі і пасылкі. Да таго ж аддзяленні паштовай сувязі прадастаўляюць вялікае мноства іншых паслуг, якімі мы з задавальненнем карыстаемся ў паўсядзённым жыцці.

Больш трыццаці год сваёй працоўнай дзейнасці прысвяціла рабоце на пошце цяперашні начальнік Шаркаўшчынскага ўчастка паштовай сувязі Таццяна Ігараўна Шыняўская.

— Работу гэту я палюбіла, напэўна, таму што паштальёнам працавала мая маці, — расказвае Таццяна Ігараўна. — Яшчэ ў дзяцінстве я разам з ёй разносіла па дамах вяскоўцаў газеты і часопісы. А пасля заканчэння Шаркаўшчынскай сярэдняй школы прыйшла аднойчы ў раённае паштовае аддзяленне, каб замяніць работнікаў, якія знаходзіліся ў водпуску. Вось з той пары, а было гэта ў 1984 годзе, я і звязала свой лёс з гэтай працай, аб чым ніколі і не пашкадавала.

У той час складана было працаваць, бо ўся работа з’яўлялася ручной. Але, нягледзячы на гэта, ніхто з работнікаў не пасаваў перад цяжкасцямі, а наадварот, імкнуўся дапамагаць іншым супрацоўнікам.

У цяперашні момант ў Шаркаўшчынскім участку паштовай сувязі працуе невялікі, але зладжаны калектыў. Аб гэтым сведчаць і паказчыкі работы. Паслугі, якія мы прадастаўляем насельніцтву, карыстаюцца попытам. Неаднаразова чуем у свой адрас падзякі ад жыхароў райцэнтра і сельскай мясцовасці. А гэта і з’яўляецца адным з важнейшых фактараў паспяховай працы калектыву.

IMG_7590На чарговым пасяджэнні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта кіраўнік раёна Дзмітрый Міхайлавіч Ламака павіншаваў Таццяну Ігараўну Шыняўскую з юбілеем і ўручыў ёй Падзяку старшыні райвыканкама за шматгадовую і добрасумленную працу. Мы таксама далучаемся да шматлікіх віншаванняў і зычым Таццяне Ігараўне моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і новых працоўных поспехаў!

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *