
21-га лютага ў глядзельнай зале раённага Дома культуры праведзены ўрачысты пленум раённай ветэранскай арганізацыі. Нагадаем, што сёлета споўнілася 25 год Беларускаму аб’яднанню ветэранаў.
Удзел у названым мерапрыемстве прынялі каля 300 чалавек. Гэта заслужаныя людзі раёна, якія шмат год адпрацавалі на самых розных участках, уносячы дастойны ўклад у станаўленне і развіццё народнагаспадарчага комплексу рэгіёна. (Больш падрабязны матэрыял рэдакцыя намерана змясціць пазней, а сёння кораценька аб асноўных момантах).

Са справаздачным дакладам перад прысутнымі выступіла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Г. М. Філатава. Бачанне далейшага развіцця ветэранскага руху на тэрыторыі раёна выказаў у сваім выступленні старшыня раённага выканаўчага камітэта М. В. Морхат. Мечыслаў Віктаравіч павіншаваў прысутных з надыходзячымі святамі, пажадаў моцнага здароўя, упэўненасці ў заўтрашнім дні, з нагоды юбілею ветэранскай арганізацыі ўручыў актывістам граматы абласнога савета ветэранаў, Ганаровыя граматы райвыканкама, удзячнасці старшыні райвыканкама.
Вопытам работы падзяліўся старэйшына вёскі Ручай Р. І. Шпец, а старшыня праўлення райспажыўтаварыства А. Д. Далецкі расказаў аб узаемадзеянні з ветэранамі, клопатах, якія праяўляюцца ў арганізацыі да тых, хто шмат год плённа працаваў у сістэме гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. За актыўную жыццёвую пазіцыю многім ветэранам вайны і працы Г. М. Філатава ўручыла каштоўныя падарункі.
А потым прысутным была прадстаўлена магчымасць паглядзець святочны канцэрт. Перад імі выступілі хор клуба ветэранаў “Надзея”, квартэт “Родныя напевы”, народнае літаратурна-музычнае аб’яднанне “Світанак”, народны хор “Спадчына”.
Эдуард КОРСАК
