
Рабочы дзень Ларысы Фёдараўны Рубцовай пачынаецца ў 7 гадзін раніцы, калі яна спяшаецца запасціся на дзень свежавыпечанай прадукцыяй мінікандытарскага і кулінарнага цэхаў, продажам якой і будзе займацца цэлы дзень. Да двух гадзін дня яна займаецца гандлем з павільёна «Мінутка», што знаходзіцца каля ўваходу на рынак. Перад гэтым яна яшчэ паспявае абысці са сваім таварам бліжэйшыя ўстановы і арганізацыі. А калі працаваў каток, яна пасля двух гадзінаў бегла яшчэ туды прапаноўваць яго наведвальнікам пагрэцца пасля катання гарачым чаем і падсілкавацца сваім смачным асартыментам.
Асартымент прадстаўленай у «Мінутцы» прадукцыі разнастайны: гэта булачкі, смажанкі, салаты, курыца-грыль, бутэрброды і нават хот-догі, які надта падабаюцца дзецям. Адным словам, усё, чым можна хуценька перакусіць чалавек, пакуль яшчэ дабярэцца дадому. У дадатак, тут ёсць мікрахвалёўка і грыль, так што па просьбе пакупніка заказ можа быць падагрэты. Зразумела, што сярод асноўных кліентаў — наведвальнікі рынку, асабліва ў шматлюдныя суботнія кірмашы.
Дададзім, што цяпер перад блізкім пачаткам чарговага агароднага сезона ў Ларысы Фёдараўны можна набыць па даступных цэнах насенне.
Паспяваючы спраўляцца за дзень з мноствам абавязкаў і спраў — і ўсё гэта з нязменнай усмешкай і бадзёрым настроем — Ларыса Фёдараўна шчыра працуе для зручнасці шаркаўшчан і гасцей гарадскога пасёлка.
Андрэй БУРЭЦ

