“Лёгка трапіць нагою ў пракладзены след. Намнога складаней, але значна больш ганарова пракладваць свой шлях”, — казаў Эрых Марыя Рэмарк.
Заслужаны работнік народнай адукацыі Беларускай ССР, настаўнік біялогіі і хіміі, былы дырэктар Лужкаўскай сярэдняй школы Мілецій Антонавіч Андзілеўка ў ліку менавіта тых педагогаў, якія ішлі да сваіх перамог няпройдзенымі раней шляхамі і пры гэтым дабіваліся значных вышынь. За плячамі вопытнага настаўніка — 46 гадоў агульнага працоўнага стажу, 30 з іх — у Лужкаўскай сярэдняй школе, 13 — на пасадзе кіраўніка. Звыш 10 гадоў Мілецій Антонавіч ужо на заслужаным адпачынку. Але па-ранейшаму гэты чалавек, як і падчас работы ў школе, верны адукацыі, дзецям, любімай справе і Лужкаўскай сярэдняй школе, якая ў гэтым годзе будзе адзначаць свой юбілей.
Настаўнік вышэйшай катэгорыі пачаў свой працоўны шлях у 1956 годзе, калі пасля заканчэння 10 класаў Лужкаўскай сярэдняй школы прыйшоў працаваць рахункаводам у Парэччаўскую школу Глыбоцкага раёна. Потым быў настаўнікам спачатку на Глыбоччыне, пазней у Лугаўской школе нашага раёна. Дарэчы менавіта там Мілецій Антонавіч пазнаёміўся са сваёй будучай спадарожніцай жыцця, Надзеяй Іванаўнай. У гэтым годзе муж і жонка адзначаць 55 год сумеснага жыцця. У 1969 годзе Мілецій Антонавіч завочна закончыў Даўгаўпілскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці настаўнік біялогіі і хіміі сярэдняй школы і праз некаторы час стаў выкладаць гэтыя прадметы ў Лужкаўскай сярэдняй школе.
Падчас сваёй працы ў Лужках выдатны настаўнік, якога ўжо добра ведалі і за межамі нашага Шаркаўшчынскага краю, стаў першым у Беларусі, каму прысуджана званне настаўнік-метадыст. У 1981 годзе Мілецій Антонавіч узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, у 1998 — медалём Францыска Скарыны. У ліку не менш памятных узнагарод настаўніка Лужкаўскай сярэдняй школы, якую Мілецій Антонавіч узначальваў з 1993 года, званні “Заслужаны работнік народнай адукацыі Беларускай ССР”, “Выдатнік народнай асветы” і “Выдатнік асветы СССР”. За гэтыя дасягненні Мілецій Антонавіч удзячны сваім вучням і настаўнікам, вялікаму моцнаму калектыву, дзякуючы плённай рабоце якога Лужкаўская школа заўсёды была на вышыні.
Пад кіраўніцтвам Мілеція Антонавіча вучні Лужкаўскай школы разам з мясцовым лясніцтвам у лесе каля вёскі Ахватка адкрылі экалагічную сцежку, якая і сёння прываблівае дзяцей і ўсіх аматараў прыроды. Вялікую ўвагу былы дырэктар заўсёды надаваў экалагічнаму выхаванню вучняў, адкрыў Музей прыроды, прывіваў дзецям любоў да працы. Гэтыя традыцыі і сёння беражліва захоўваюцца ў школе, якая заўсёды была для Мілеція Антонавіча неад’емнай часткай жыцця. Ён вельмі шмат зрабіў для таго, каб яго навучальная ўстанова стала адной з перадавых школ нашай краіны. Пацверджанне гэтаму — шэраг узнагарод заслужанага настаўніка. 5 з іх М. А. Андзілеўку ўручаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
У жыцці кожнага чалавека ёсць людзі, якія аказваюць значны ўплыў на фарміраванне характару і светапогляду. Для некалькіх пакаленняў вучняў Лужкаўскай сярэдняй школы такім чалавекам стаў Мілецій Антонавіч Андзілеўка — заслужаны настаўнік нашай краіны, якога з удзячнасцю і вялікай павагай успамінаюць яго дарослыя выпускнікі.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ
