Дзень абаронцаў Айчыны і 100-годдзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адзначылі ўчора ў Беларусі. У нашым гарадскім пасёлку святочныя мерапрыемствы з гэтай нагоды прайшлі ў сераду, 21 лютага. Каля помніка воінам-вызваліцелям на ўрачысты мітынг сабраліся шаркаўчане, каб выказаць словы падзякі людзям у пагонах, ветэранам вайны, воінам-афганцам і ўсім тым, хто ганарыцца званнем Абаронцы Айчыны. На тэрыторыі нашага раёна гэта ўжо традыцыя — у значныя каляндарныя даты збірацца каля помніка воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ўскладаць кветкі, ушаноўваючы памяць герояў хвілінай маўчання.
Святочны канцэрт, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, прайшоў у гэты дзень у раённым Цэнтры культуры.
23 лютага — свята асаблівае, не толькі для тых, хто абраў для сябе мужную прафесію абаронцаў Айчыны. У гэты дзень віншаванні прымаюць усе мужчыны, якія не на словах, а на справе з’яўляюцца апорай для сваіх родных, абараняюць свой дом, а ў выпадку неабходнасці гатовы абараніць і Радзіму. У глядзельнай зале раённага Цэнтра культуры падчас урачыстасці не было вольных месцаў. На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец, ваенны камісар Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргей Аляксандравіч Краснадубскі, часова выконваючы абавязкі намесніка камандзіра вайсковай часці 2334 па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Дзмітрый Яўгенавіч Макаранка, члены Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, прадстаўнікі духавенства, кіраўнікі грамадскіх арганізацый і партый нашага раёна, а таксама моладзь.
З прывітальным словам да шаркаўчан і гасцей нашага краю звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец. Ён павіншаваў абаронцаў Айчыны са святам, пажадаў ім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні і ўручыў заслужаныя ўзнагароды былым ваеннаслужачым — жыхарам нашага раёна.
Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны падпалкоўнік у адстаўцы, пенсіянер Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Валянцін Міхайлавіч Куклін. Падзяку старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Серафімавіч уручыў пенсіянеру Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Анатолію Міхайлавічу Баброву. З Днём абаронцаў Айчыны шаркаўчан са сцэны раённага Цэнтра культуры таксама павіншавалі першы сакратар Шаркаўшчынскага раённага камітэта Кампартыі Беларусі Мікалай Валянцінавіч Манкевіч і старшыня Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Інакенцьевіч Ан. Заслужаныя ўзнагароды яны ўручылі найбольш актыўным прадстаўнікам раённай партарганізацыі і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”. Шчырыя словы віншаванняў у адрас усіх, хто мае дачыненне да ваеннай службы, прагучалі і ад ваеннага камісара Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргея Аляксандравіча Краснадубскага. Юбілейны медаль “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” ваенны камісар уручыў удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Якаву Міхайлавічу Глушакову, а Грамату ваеннага камісара Віцебскай вобласці — ветэрану Узброеных Сіл нашай краіны Валянціну Міхайлавічу Кукліну.
Працягам урачыстасці стаў святочны канцэрт, на якім выступілі лепшыя артысты і музычныя калектывы нашага гарадскога пасёлка. А найлепшым падарункам да свята для ўсіх шаркаўчан стала выступленне ваеннага аркестра Полацкага пагранічнага атрада. Гледачы былі ў захапленні ад яркіх выступленняў ваеннаслужачых, падпявалі і апладзіравалі салістам і музыкантам. Удзельнікам ваеннага аркестра, якія напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны падарылі жыхарам шаркаўшчынскага краю надзвычай яркае і незабыўнае свята, былі ўручаны кветкі ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыя Міхайлавіча Ламака.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.































