Цэлы музей скарбаў сялянскага жыцця самастойна стварыў жыхар вёскі Жукоўшчына Іосіф Квач

Актуальное

гаспадар музея дэманструе экспанаты

Кожны чалавек, які жыве на Зямлі, павінен пакінуць пасля сябе след, каб яго ведалі і помнілі яшчэ доўга. Людзі адыходзяць у свет іншы, пасля іх застаюцца рэчы, якімі яны карысталіся ў паўсядзённым жыцці, а для нас яны прадстаўляюць вялікую каштоўнасць. Бо па іх можна даведацца, як жылі раней, калі не было ніякай цывілізацыі, калі ўсё рабілася ўручную, а каб аблегчыць сваю працу, людзі прымянялі кемлівасць і знаходлівасць, праяўлялі высокі ўзровень творчасці. Скажам, калі хадзілі ў лес, трапляліся ім прыродныя драўляныя падручныя матэрыялы, якія дома дараблялі, падпільвалі, абрамлялі, і яны знаходзілі прымяненне. Некаторыя старэйшыя жыхары вёсак і да сённяшняга дня захоўваюць на гарышчах рэчы, якія засталіся ад бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Зараз яны ў доме не патрэбны, а вось развітацца з імі не спяшаюцца. Гэта і ёсць кладоўка для тых, каго яны цікавяць. Дзякуючы такім дзівакам-збіральнікам папаўняюцца музеі або захоўваюцца рэчы ў фондах. Дарэчы, кожны музейны экспанат уносіцца ў адзіную інфармацыйную базу Беларусі і становіцца дзяржаўнай каштоўнасцю.
А ёсць людзі, якія самастойна займаюцца зборам скарбаў, проста для сябе і нідзе яны не адзначаны на дзяржаўным узроўні. Для іх гэта свайго роду хобі.
З адным з такіх дзівакоў, энтузіястам сваёй справы, апантаным чалавекам мне давялося сустрэцца. І гэта знаёмства з Іосіфам Леанідавічам Квачом з вёскі Жукоўшчына адклала незабыўны след.
Сам ён родам з вёскі Квачы Глыбоцкага раёна. Але даўно тут прыжыўся і лепшага месца сабе  не шукае. Ды і не можа быць іначай! Ён ва ўсім бачыць прыгажосць жыцця.
— Гэта нам выдзеліла гаспадарка тры гектары зямлі, — паказвае ў напрамку поля Іосіф Леанідавіч. Трымаем трох дойных кароў. Большасць надоенага малака здаем дзяржаве. У хлявах яшчэ жыўнасці шмат.
Побач з домам вялізная цяпліца. “Яна праслужыла нам шэсць гадоў, — заўважыўшы нашу цікаўнасць патлумачыў гаспадар. — Бывала, пакуль давязуць на рынак заморскіх агуркоў, а мы ўжо з вяскоўцамі імі сілкуемся”.
— Здаецца, калі працаваў і часу на ўсё хапала, а цяпер як асноўнай працы не маю, то з уласнай гаспадаркай ледзьве спраўляюся, — усміхаецца расказчык.
Іосіф Леанідавіч закончыў у свой час Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Па размеркаванні трапіў у калгас імя Гагарына (цяпер ААТ “Агратэхсэрвіс”). Давялося толькі пару дзён папрацаваць на пасадзе галоўнага інжынера, як кіраўніцтва раёна распарадзілася іначай — пільней патрэбен быў спецыяліст у калгас “Шлях Леніна” (цяпер ААТ “Васюкі”).
— Прыйшлі кіраваць механізатарскай сям’ёй практычна аднолькавага ўзросту і ў адзін час я і загадчык майстэрні. Маладыя, нявопытныя, а дапамагчы, падказаць не было каму. Так цяжка, так складана было працаваць са сталымі механізатарамі. Часам здавалася, што не вытрымаю, дзеліцца ўспамінамі субяседнік. — Праз колькі год працы ў гаспадарцы галоўным інжынерам дазнаўся, што ў мясцовую школу патрэбен настаўнік фізкультуры. Фізічна я, як кажуць, быў загартаваны, удзельнічаў у розных спаборніцтвах, будучы яшчэ студэнтам. Работа ў школе вельмі падабалася, але адукацыя не падыходзіла. Тады паступіў і паспяхова завочна закончыў факультэт фізкультуры Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.
Аднойчы папрасіла старэнькая жанчына з суседняй вёскі вучняў старэйшых класаў Слабадской сярэдняй школы разам з настаўнікам фізкультуры дапамагчы разабраць трухлявую пабудову. Як паглядзелі на гарышча, а там столькі цікавых рэчаў! Загарэліся вочы ў Іосіфа Леанідавіча. З дазволу гаспадыні ён сабраў іх і прынёс дадому. Глядзець жонцы на рэчы, якія для яе не прадстаўляюць ніякай каштоўнасці, было не вельмі прыемна. Тады муж знайшоў выйсце. Непадалёку стаіць невялікая хатка, дзе ён, будучы хлопцам, кватэраваўся ў добрай бабулі. Яна адыйшла ў свет іншы і апісала яму гэтую будыніну.
— Там ў мяне будзе свой музей, — вырашыў гаспадар і паведаміў  аб гэтым сям’і. — Усё будзе як напамін аб нашай даўніне, пра нашы карані, гэта будуць сведкі непарыўнасці пакаленняў.
Шмат рэчаў сталі прыносіць жыхары навакольных вёсак, прывозіў з бацькоўскага дома, ад радні. А было і так, як расказваў Іосіф Леанідавіч:
— Папрасіла старэнькая нямоглая жанчына агарод узараць. Паглядзеў — кавалак ладны, папрацаваць давядзецца. Падыходжу да яе і кажу: “Калі дазволеце ў вас на  гарышчы пакапацца, узару ўсё бясплатна”. Так і атрымалася, затое колькі рэчаў патрэбных для сябе знайшоў!
Зайшлі мы ў будынак, дзе захоўваюцца экспанаты, і вочы разбегліся. Сапраўды яны  ўяўляюць гістарычна-культурную і мастацкую каштоўнасць. У многіх музеях мне даводзілася пабываць, але такой колькасці экспанатаў не бачыла нідзе. Што характэрна, кожная рэч акуратна захоўваецца, падпісана яе назва, кім і адкуль яна дастаўлена сюды, а ўжо пра яе каштоўнасць можна гадзінамі слухаць захапляючы расказ гаспадара.
У “доме-музеі” тры пакоі і ўсё размеркавана па сваіх месцах. Праўда, цесна

некалькі музейных экспанатаў

там: калі прывесці вялікую колькасць людзей на экскурсію, то трэба заходзіць па чарзе. Вось пакой, дзе займаліся ручной працай мужчыны. Далей жаночы пакой, дзе ўсе прылады працы па апрацоўцы лёну і многае іншае, далей — як гадавалі дзетак — іх дзіцячыя прыстасаванні, у наступным пакоі стаяць кросны.
— Каб на іх можна было ткаць, наняў майстра і той два дні іх  наводзіў, — прызнаецца І. Л. Квач, — пакуль не запрацавалі. Тут жа прылады па тэхніцы ткацтва на бердзячку, дошчачках. Калекцыя прасаў — цэльналітых чугунных (награвалі на печы), вугальных, качалкі для прасавання бялізны. Ёсць такія рэчы, што і не здагадаешся, да чаго яны былі прадназначаны, пакуль збіральнік не растлумачыць.
Словам, аб усім, што там захоўваецца, расказаць немагчыма. Трэба пабачыць сваімі вачамі. Каб раскласці ўсё, як патрабуецца і па паліцах, патрэбен вялікі, прасторны будынак. А такіх у вёсцы Жукоўшчына дастаткова. Тут ужо трэба нашым культработнікам патурбавацца, бо сам Іосіф Леанідавіч лічыць, што яго ўсё тут задавальняе.
— А хто ў вас бачыў усё гэта? — пытаюся ў гаспадара.
— Як працаваў у школе, то вучні прыходзілі. Цяпер школу закрылі і няма каму заходзіць да мяне. Вось вы напішаце, прачытаюць і, магчыма, нехта зацікавіцца, — быў адказ.
На гэтым, так скажам, наша экскурсія не закончылася. Зайшлі ў дом, дзе жыве Іосіф Леанідавіч з жонкай Таццянай Міхайлаўнай і дачкой — шасцікласніцай Насцяй. Іх два сыны, Іван і Пётр, заканчваюць вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Таццяна Міхайлаўна па волі лёсу трапіла сюды з Ровенскай вобласці

вышыўка Таццяны Квач

Украіны. Сваё нацыянальнае рамяство — вышыўка яркімі каляровымі ніткамі навалочак і ручнікоў — прывезла і ў Беларусь. Ну, столькі ўсяго вышытага, залюбуешся! І як толькі часу хапае ў жанчыны! А працуе яна ўжо шмат гадоў сацыяльным работнікам. Абслугоўвае пажылых людзей з навакольных вёсак.
— Паглядзіце, што мы з сынам Пятром вышылі, — дастаў з шафы Іосіф Леанідавіч акуратна складзены кавалак тканіны. Расклаў яе і пачаў тлумачыць: “Гэта наша генеалагічнае дрэва. Бачыце, з аднаго боку ўсе атрыбуты ўкраінскія, а з другога — беларускія. Вялізны, каранасты дуб на кожным сваім лістку трымае атожылак з прозвішчамі радні. А ля падножжа дуба ляжаць тры вялікія жалуды — гэта нашы дзеці. Ім працягваць дынастыю Квачоў.
…Каля дома расце сад (яблыкі, смачнейшых не каштавала), побач пасаджаны маладыя яблынькі. У некалькі радоў — вуллі з пчоламі. Толькі на момант можна ўявіць, як зацвіціць яблыневы сад і спачатку дрэўцы аблагодзяць пчолы, беручы з іх нектар. Паступова напоўняць свежым мёдам соты. Усё сваё, вялікай, няспыннай працай выпеставана. І занятак знойдзены па душы. І працай забяспечаны (як і жонка стаў працаваць сацработнікам у вёсцы Зямцы), чым не жыць у вёсцы! Проста, трэба ўсё гэта заўважыць, прыняць блізка да душы і радавацца кожнаму шчасліваму дню!
Кацярына СОСНА



1 комментарий по теме “Цэлы музей скарбаў сялянскага жыцця самастойна стварыў жыхар вёскі Жукоўшчына Іосіф Квач

  1. Спасибо,Катерина Сосна, что познакомили читателей с таким интересным жителем нашего района. Эта семья заслуживает только восхищения.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *